«Ты рай, ты май, ты вясна». Расказваем пра пяць яскравых жанчын, якія жылі ў нараўлянскім палацы, дзе цяпер ідзе рэстаўрацыя
Гісторыю горада Нароўлі неразрыўна звязваюць з шляхецкім родам Горватаў. Вядома, што ў 1816 годзе нараўлянскія землі выкупіў мазырскі гарадскі суддзя Ігнат Горват. У 1829 годзе Нароўля перайшла да яго сына Даніэля, які і распачаў будаўніцтва новага панскага дома на высокім беразе Прыпяці. Аднак сёння мы хацелі б звярнуць увагу на жанчын, якія жылі ў адным з самых раскошных палацаў Усходняга Палесся. «Моцныя Навіны» сабралі інфармацыю пра пяць гераінь, якія ўнеслі свой уклад у жыццё панскага роду і гісторыю гэтага месца.
Палац Горватаў у Нароўлі, нагадваем, цяпер актыўна аднаўляецца. Сёлета старажытны будынак святкуе сваю 175-ю гадавіну. Гэта помнік архітэктуры і гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі XIX стагоддзя. Яшчэ 5 гадоў таму занядбаны будынак рызыкаваў знікнуць у нікуды, але пашанцавала – яго ахінула клопатам каманда неабыякавых людзей на чале з яго уласнікам Пятром Кузняцовым.
Палац стаў прыватнай уласнасцю і з таго часу ідзе няспынная праца па яго рэстаўрацыі. За першыя гады будынак расчысцілі ад неймавернай колькасці будаўнічага смецця, расліннасці і разбураных элементаў. Таксама быў распрацаваны і зацверджаны праект рэстаўрацыі па стане на 1918 год. З красавіка мінулага года пачалася актыўная фаза аднаўлення даху.
На сённяшні дзень з боку ракі ўжо бачна закончаны сектар – пакрыты чырвоным жалезам новы дах. Ужо патынкавана і пафарбавана частка адноўленых дэкаратыўных тумбаў. З боку парка ідзе рэстаўрацыя атыка, дзе калісьці змяшчаліся літары D I H. Яны азначаюць імёны першых уладальнікаў нараўлянскага палаца – Даніэль і Іфігенія Горват. Вось з яе мы і пачнем наш расказ пра жанчын, якія жылі ў палацы.
Іфігенія Ратынская
Яна стала першай гаспадыняй нараўлянскага палаца.
Яе мужу, Даніэлю Горвату, якому ў спадчыну дасталіся землі ў Нароўлі, было ўсяго 19 гадоў, калі ён пачаў будаўніцтва. У 1830-м ён пабраўся шлюбам з Іфігеніяй Ратынскай. Можна толькі здагадвацца, якія паміж былі адносіны, але, відаць, Даніэль ставіўся да жонкі з павагай, раз яе ініцыялы таксама з’явіліся на фасадзе палаца.
Пра Іфігенію вядома, што яна мела схільнасць да мастацтва, з вялікім захапленнем і веданнем справы ўпрыгожвала інтэр’еры палаца. Яна нарадзіла чатырох сыноў Артура, Гюстава, Маўрыкія, Даніэля і дачку Марыю.
Першая гаспадыня нараўлянскага палаца памерла ў пачатку 1850-х гадоў, пры гэтым сам палац быў пабудаваны ў 1850 годзе. То бок гаспадарыла ў новым доме Іфігенія ўсяго пару гадоў. Па словах Даніэля, яе не маглі пахаваць на парафіяльных могілках праз тое, што моцна разлілася Прыпяць. Таму жонку пахавалі наўпрост у панскім парку. Пазней побач з яе магілай пабудавалі сямейную капліцу і труну пані перанеслі ў склеп.
Магчыма, нараўлянцам такія пахавальныя парадкі падаліся даволі нестандартнымі. Таму з’явіліся чуткі, што па Прыпяці ходзіць белая жаночая постаць. Пазней яе назвалі Белай паннай Нароўлі.
Каплічка, на жаль, да нашых дзён не дайшла. Яе разбурылі за Савецкім часам, а пазней склеп з трунамі абрынуўся ў Прыпяць.
Караліна Патвароўская
Польская графіня Караліна Патвароўская нарадзілася 22 кастрычніка 1839 года. Дзяўчынкай яна атрымала вельмі добрае выхаванне, для завяршэння якога правяла некаторы час у Дрэздэне разам з маці і старэйшай сястрой.
Пра яе ўспамінаюць, што ў маладосці яна была поўнай абаяння і жыцця жанчынай, вылучалася прыгожым ростам і целаскладам, мела шмат тэмпераменту і шмат экзальтаванасці, нягледзячы на юнацкае абаянне, нагадвала ружу ў роўнай сіле і росквіце. Экзальтаваны азначае запальны, што знаходзіцца ў стане павышанай ўзрушанасці, узбуджанасці. Голас Караліны падымаўся з глыбіні і рэхам адбіваўся ад сцен і столі, голас быў такі рэзкі і гучны, што калі яна гаварыла, было чуваць, як вокны рэзаніравалі. Яшчэ казалі, што гэта дама шапатлівая і задае непрыстойныя пытанні.
У 1861 годзе графіня ажанілася з другім уладальнікам нараўлянскага палаца Артурам Горватам. Нарадзіла чатырох дзяцей: Алену, Францішку, Габрыэлю і Эдварда. Неўзабаве пасля вяселля сына Эдварда Артур і Караліна саступілі сядзібу маладым і пераехалі ў Гажычкі. Пры гэтым, яна хоць і была 100-працэнтнай полькай, вельмі прывязалася да Нароўлі. «Палюбіла тыя мясціны, палюбіла тыя бясконцыя прасторы лясоў і лугоў, дзе растуць шыкоўныя дубы, палюбіла меланхалічную адзіноту палескага краю». У Польшчы ёй было цесна і яна марыла ўвесь час аб Нароўлі.
Жанчына перажыла свайго мужа на 22 гады. У сваёй апошняй волі Артур распарадзіўся, каб маёнтак у Гажычках цалкам перайшоў ва ўласнасць яго жонкі. А каханую папрасіў ніколі нікому яго не здаваць у арэнду, не дзяліць на кавалкі, а таксама падтрымліваць паспяховую сістэму гаспадаркі, якую ён паспеў зладзіць. Трэба сказаць, ў яе выдатна выйшла выканаць просьбу мужа. Ёю захапляліся многія мужчыны за здольнасць весці гаспадарку, а маёнтак лічылі найлепшым у Цэнтральнай Еўропе.
Памерла Караліна 1 сакавіка 1921 года ва ўзросце 81 года ў Познані.
Ядвіга Аскерка
Ядвіга (Гуся) нарадзілася 7 кастрычніка 1871 года ў Сібіры (Усолле), бо там адбываў пакаранне за ўдзел у паўстанні 1863 года яе бацька Аляксандр Аскерка. Яна выйшла замуж за трэцяга і апошняга ўладальніка Эдварда Горвата 30 красавіка 1891 года. Нарадзіла сына Даніэля і дачку Аляксандру. Эдвард ганарыўся сваёй прыгожай жонкай, называў яе чароўнай і абаяльнай. Партрэт Ядвігі аўтарства мастака Людаміра Яноўскага вісеў у чырвоным салоне палаца. Па некаторай інфармацыю, аўтар нібыта нават атрымаў за яго срэбны медаль на выставе ў Парыжы.
Ядвіга была ў душы мастачкай і займалася насценным жывапісам. Але меркаванні наконт таго, ці добра ў яе выходзіла сярод сваякоў разыходзіліся – нехта захапляўся, а нехта лічыў вынікі жудаснымі. Захавалася фота сіняга салона, дзе бачна размаляваную сцяну, магчыма, акурат яе аўтарства.
На жаль, Ядвіга захварэла на хваробу лёгкіх і часта ездзіла за мяжу адпачываць. Гэта адмоўна паўплывала на яе адносіны з мужам. І хаця да самай яе смерці яны заставаліся ў шлюбе, працяглы час Ядвіга жыла сама па сабе. Памерла яна 7 студзеня 1919 года ў Варшаве ў 49 гадоў ад энцэфаліту.
Эльфрыда Туснельда Перль
Эльфрыда стала другой жонкай Эдварда Горвата. Яна была немкай, нарадзілася ў Рызе імаверна ў 1885 годзе. Пражыла там з бацькам да 21 года, а пасля паехала за мяжу вучыцца садаводству. Да знаёмства з будучым мужам яна працавала гувернанткай у Барбарове, які належыў траюраднаму брату Эдварда.
Яны з Эдвардам ажаніліся ў 1919 годзе, акурат пасля таго, як скончыўся перыяд жалобы па Ядвізе. Эльфрыда была маладзейшая за мужа на 19 гадоў.
Калі ў 1935 годзе не стала Эдварда, яна засталася за гаспадыню ў Гажычках, куды яны пераехалі яшчэ ў 1921 годзе. У лістападзе 1939 года яе разам з дачкой і іншымі памешчыцамі выгналі адтуль немцы. Эльфрыда пасялілася ў Варшаве і зарабляла на жыццё продажам дробнай біжутэрыі, якую паспела забраць з сабой з маёнтку.
З Эльфрыдай звязаная вельмі кранальная гісторыя. Калі немцы праводзілі ў Варшаве перапіс, яна вагалася, хаця была немкай па паходжанні. Прызнанне гэтага паходжання дало б ёй добрыя дакументы, гарантыю бяспекі, лепшыя талоны на ежу і шмат іншых выгод. Але яна напісала на бланку «польская нацыянальнасць». «Я занадта кахала мужа, каб абысціся з вамі так», – пісала яна Марыі Ваньковіч.
На вялікі жаль, жыццё яе абарвалася вельмі трагічна. 24 чэрвеня 1943 года ладзілася вяселле ўнучкі Эдварда Тэрэзы, дзе ў тым ліку сярод гасцей была дачка Аляксандра і сама Эльфрыда. Ноччу, калі маладыя з’ехалі ў вясельнае падарожжа, а гаспадары і госці клаліся спаць, прыехаў атрад СС і застрэліў усіх прысутных, у тым ліку і дзяцей. Загінулі 19 чалавек.
Эльфрыду пахавалі ў агульнай магіле разам з Аляксандрай і яе мужам Станіславам Ваньковічам.
Альберта Бачкоўская
Альберта была дачкой панскага садоўніка. Яе ў маладым узросце адправілі вучыцца кухарскай справе ў Францыю, пасля яна вярнулася ў Нароўлю і працавала ў палацы кухаркай. Захавалася інфармацыя, што яна гатавала для гаспадароў такую страву як блінчыкі з крэмам і вішнёвым варэннем. Чаму мы вырашылі таксама пра яе ўзгадаць? Бо рэцэпт гэтых блінчыкаў дайшоў і да нашых дзён. А значыць, калі ў адноўленым нараўлянскім палацы з’явіцца рэстаран, то гэтая страва абавязкова з’явіцца ў меню.
Лёс кожнай з гэтых цудоўных жанчын неразрыўна звязаны як з самой Нароўляй, так і з гісторыяй Беларусі. Яны дакладна паспелі пакінуць тут свой след і дужа каштоўна, што пра іх захавалася такая памяць. Дзякуючы гэтым гісторыям, старажытны будынак на беразе Прыпяці ажывае і прымушае задумацца пра вечнае.