Пяць новых краін, куды беларусам стаў дасяжны бязвіз. Расказваем, як дабрацца і што важна знаць турыстам
Апошнія пяць краін, з якімі Беларусь дамовілася пра бязвізавы рэжым, даволі экзатычныя. Гэта В’етнам, Іран, Аман, Лаос і М’янма. «Моцныя Навіны» даведаліся пра асаблівасці кожнай з іх, каб расказаць нашым чытачам, ці лёгка туды дабрацца, наколькі там бяспечна і колькі ўвогуле будзе кашатаваць падарожжа туды.
В’етнам
В’етнам – гэта краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі, размешчаная на ўзбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора.

Пагадненне аб узаемным прызнанні віз Беларусь і В’етнам падпісалі яшчэ ў снежні 2023 года. З жніўня 2023-га беларусы маглі знаходзіцца ў В’етнаме без візы 45 дзён. Да гэтага тэрмін бязвізавага знаходжання абмяжоўваўся 15 днямі. У студзені мінулага года дакумент ратыфікавалі, яно набыло моц 30 студзеня. Цяпер грамадзяне абедзвюх дзяржаў змогуць знаходзіцца на тэрыторыі краін адзін аднаго да 30 дзён за адну паездку. Пры гэтым агульны тэрмін знаходжання не павінен перавышаць 90 дзён на працягу года.
Для ўезду ў В’етнам акрамя пашпарта таксама спатрэбяцца: зваротны квіток, альбо квіток у трэцюю краіну, пацвярджэнне броні гатэля (турыстычны ваўчар) і страхавы медыцынскі поліс.
Як дабрацца
Са жніўня 2025 года беларусы могуць напрамую лятаць з Мінска на в’етнамскі востраў Фукуок. Чартарныя рэйсы Belavia адпраўляюцца раз у 10-11 дзён на Airbus A330-200. Але трэба мець на ўвазе, што В’етнам стаў адным з хітоў турыстычнага сезона: блокі месцаў распрададзены да канца сакавіка 2026 года. Сярэдні кошт тура на Фукуок – ад 3500-4000 долараў на дваіх (10-11 начэй).
З 31 сакавіка 2026 года адкрываюцца рэгулярныя рэйсы з Мінска ў в’етнамскі Нячанг (аэрапорт Камрань). Яны будуць выконвацца два разы на тыдзень, па аўторках і суботах, на Airbus A330-200. Нячанг падыдзе для тых, хто аддае перавагу гарадскому стылю адпачынку і шукае яшчэ больш нізкі кошт. А на май авіякампанія Belavia запланавала першы палёт з Мінска ў в’етнамскі Дананг.
Меры бяспекі
Першае, пра што варта дбаіць – гэта тое, што ў В’етнаме досыць шмат ашуканцаў і кішэннікаў. Горад Ханой, напрыклад, увайшоў у топ самых небяспечных для кашалькоў турыстаў гарадоў па версіі экспертаў Інстытута эканомікі Mastercard. Пры арэндзе аўтамабіля або мотаролера варта асцерагацца падстаўных аварый. І нават пераходзячы дарогу быць асцярожным – дарожны рух у краіне даволі хаатычны, многія парушаюць правілы. Таксама рэкамендуецца зрабіць ксеракопіі дакументаў.
Калі збіраецеся выехаць за межы курортаў і падарожнічаць па сельскай глыбінцы і джунглям, варта зрабіць прышчэпкі ад жоўтай ліхаманкі, ліхаманкі Дэнге, шаленства, слупняка, брушнога тыфа, японскага энцэфаліту, дызентэрыі і гепатыту. Піць лепш толькі ваду з бутэлек, у нетурыстычных месцах не замаўляць напоі са льдом. Таксама лепш не есці стравы з рачной рыбы. Рэпеленты лепш купляць в’етнамскія – яны эфектыўней абараняюць ад мясцовых насякомых.
Катэгарычна забаронена фатаграфаваць ваенных ў В’етнаме. Таксама забаронена вывозіць з краіны нацыянальную валюту (усе донгі трэба абмяняць перад мытным кантролем), антыкварыят, прадметы народнай творчасці і творы мастацтва (пры набыцці захавайце чэк і запатрабуйце ў прадаўца пацверджанне таго, што ваша пакупка не з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю), ювелірныя ўпрыгожанні (на ўсе ўпрыгожванні, набытыя ў В’етнаме, трэба дакументы на вываз, а свае пры прыбыцці трэба занесці ў дэкларацыю.
Іран
Іран – гэта дзяржава ў Паўднёва-Заходняй Азіі. На захадзе мяжуе з Іракам і Турцыяй, на паўночным захадзе – з Арменіяй і Азербайджанам, на паўночным усходзе – з Туркменістанам, на ўсходзе – з Пакістанам і Афганістанам. На поўначы абмываецца Каспійскім морам, на поўдні – Персідскім і Аманскім залівамі.

4 лютага 2024 года набыло моц рашэнне Савета Міністраў Ірана аб прымяненні ў аднабаковым парадку бязвізавага ўезду ў Іран замежных грамадзян з 28 краін, у тым ліку з Беларусі, на тэрмін да 15 сутак і не больш за адзін уезд у кожныя 6 месяцаў. Пры гэтым мэта паездкі павінна быць выключна турыстычнай, а турыст павінен ведаць праграму свайго турыстычнага падарожжа і мець кантактную асобу ў Іране. Таксама трэба мець квіток туды-назад у рамках 15 сутак і страхавы поліс.
Як дабрацца
На сайтах турыстычных агенцтваў можна знайсці некаторыя туры з Мінска ў Іран – там прапануецца пералёт у Тэгеран з перасадкай у Маскве, хаця летась у СМІ паведамлялася, што краіны дамовіліся пра запуск прамога рэйса.
Меры бяспекі
Цяпер у Іране нестабільная абстаноўка – у краіне адбываюцца масавыя пратэсты, адныя з найбуйнейшых за апошнія 3 гады. Але калі вы ўсё адно захочаце туды трапіць, варта ўлічваць многія нюансы для наведвання Ірана. Напрыклад, па палітычных прычынах не рэкамендуецца наведваць Іран грамадзянам Беларусі, якія маюць у пашпарце адзнакі аб знаходжанні ў Ізраілі.
Ісламская Рэспубліка Іран – тэакратычная дзяржава, у якой на заканадаўчым узроўні дзейнічаюць нормы «шарыяту» (ісламскага права). Згодна з гэтымі нормамі, замежныя жанчыны, як і мясцовыя, абавязаны насіць «хіджаб» – адмысловую форму адзення, якая пакрывае ўсё цела, акрамя твару і кісцяў рук. Рэкамендуецца насіць свабоднае адзенне, якое не падкрэслівае выгібы цела. Мужчынскі гардэроб мае на ўвазе адсутнасць шорт вышэй калена і майкі з адкрытымі плячыма. Важна памятаць, што ў мячэць нельга ўваходзіць у абутку і шортах.
Іншыя цікавыя дэталі, якія тычацца культурных асаблівасцяў, вельмі падрабязна апісаныя на сайце іранскага пасольства ў Беларусі. Вось некаторыя з іх, на наш погляд, самыя важныя.
Не варта ўспрымаць запрашэнне ў госці і кампліменты ў свой адрас літаральна: у большасці выпадкаў гэта ўсяго толькі дзяжурная ветлівасць – «таароф». Прадавец можа адмовіцца прымаць аплату за пакупку або паслугу і прапанаваць іх у дар, але нягледзячы на гэта расплаціцца ўсё адно трэба, іначай вашыя дзеянні могуць быць расцэнены як крадзеж.
Не рэкамендуецца цалавацца ў грамадскіх месцах і ўстрымацца ад частага выкарыстання мовы жэстаў. Звыклы нам жэст «кулак з узнятым вялікім пальцам уверх» там лічыцца абразлівым. Не варта браць і прапаноўваць ежу левай рукой (яна лічыцца «нячыстай», бо выкарыстоўваецца для асабістай гігіены).
У пасольстве просяць звяртаць увагу на фанетычныя асаблівасці персідскай мовы. Негатыўную рэакцыю ў мясцовых жыхароў могуць выклікаць словы тыпу «абрыкос», «космас», «Кіркораў» і падобныя, бо гукаспалучэнні «кір» і «кос» азначаюць дзетародныя органы.
У краіну забаронена ўвозіць такія рэчы, як алкаголь, свініна, літаратура, якая прапагандуе заходнюю сістэму каштоўнасцей. Захоўванне, спажыванне і распаўсюджванне алкаголю караецца цялеснымі пакараннямі (ад 40 удараў палкамі). Нельга есці, піць і паліць у грамадскіх месцах у светлы час сутак падчас Рамадана (у 2026 годзе – з 17 лютага па 19 сакавіка). Таксама забаронена здымаць на фота і відэа будынкаў дзяржаўных устаноў і пасольстваў.
Таксама турыстам раяць пазбягаць паездак па паўднёвай частцы Тэгерана і ўсходніх правінцыях краіны ў мэтах бяспекі.
Аман
Аман – гэта арабская дзяржава, якая месціцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Аравійскага паўвострава. Мяжуе з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Саудаўскай Аравіяй і Еменам.

Пагадненне паміж Беларуссю і Аманам пра адмену віз было падпісана яшчэ 6 кастрычніка мінулага года, але толькі 13 студзеня яго ратыфікавалі беларускія дэпутаты. Цяпер грамадзяне Беларусі і Амана змогуць уязджаць у краіны без віз на тэрмін да 30 дзён з даты ўезду. Агульная працягласць безвізавага знаходжання на працягу каляндарнага года не павінна перавышаць 90 дзён. Аман у апошні час становіцца ўсё больш папулярным напрамкам у турыстаў. Гэтая краіна прыцягвае спалучэннем пустыні, гор і мора, а таксама самабытнай усходняй культурай.
Як дабрацца
У лютым мінулага года авіякампанія Belavia запусціла чартар у Аман. Праграма прыпынялася, і з кастрычніка 2025 года рэйсы з Мінска ў Салалу зноў аднавілі. Планавалася, што яна будзе дзейнічаць да канца мая 2026 года. Кошты на туры на 10 дзён пачынаюцца ад 3,5-4 тысяч рублёў і залежаць ад сезону.
Меры бяспекі
Аман знаходзіцца ў рэгіёне, дзе таксама неспакойна, таму могуць здарацца закрыццё паветранай прасторы, адмена рэйсаў і іншыя збоі ў транспартных зносінах. Асабліва рэкамендуецца пазбягаць паездак у прыгранічныя раёны з Еменам з-за пагрозы ўзброенага канфлікту. Варта мець на ўвазе экстрэмальныя ўмовы надвор’я: сезон мусонаў доўжыцца з чэрвеня па верасень, тэмпература можа дасягаць 50 градусаў, а з кастрычніка па май магчымыя пясчаныя і пыльныя буры. Улетку існуе рызыка абязводжвання і цеплавога ўдару, таму важна піць дастаткова вады, пазбягаць знаходжання на сонцы і карыстацца крэмам, якія абараняе ад ультрафіялету.
У Амане сустракаюцца малярыя, ліхаманка денге, лейшманіёз і іншыя захворванні, якія пераносяцца насякомымі. Рэкамендуецца выкарыстоўваць сродкі ад насякомых і падумаць пра прыём супрацьмалярыйных прэпаратаў.
Праз тое, што краіна мусульманская, тут, як і ў Іране, у грамадскіх месцах і мужчын, і жанчын просяць закрываць плечы і калені, дэкальтэ і жывот. На тэрыторыі гатэляў і пляжаў абмежаванняў звычайна няма, але дзе-нідзе сустракаюцца шыльды, якія нагадваюць апранаць верх ад купальніка і не насіць стрынгі. Яшчэ забаронена насіць ваенную або падобную вопратку і аксэсуары. Таксама тут актуальныя абмежаванні падчас Рамадана.
Аднаполыя адносіны, сэкс па-за шлюбам і парнаграфія з’яўляюцца незаконнымі. Гатэлі нават могуць адмовіць у размяшчэнні парам, якія не могуць даказаць, што яны знаходзяцца ў шлюбе.
Лаос
Лаос – гэта краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі, размешчаная на паўвостраве Індакітай. На поўначы мяжуе з М’янмай і Кітаем, на ўсходзе з В’етнамам, на поўдні з Камбоджай, на захадзе з Тайландам. Не мае выхаду да мора.

Пагадненне з Лаосам аб «бязвізе» было падпісана ў ліпені 2025 года. 15 студзеня 2026 года яно набыло моц. Грамадзяне Беларусі і Лаоса могуць уязджаць, выязджаць і рухацца транзітам праз тэрыторыю абедзвюх дзяржаў без афармлення віз. Тэрмін знаходжання ў межах бязвізавага рэжыму не павінен перавышаць 30 дзён. Сумарна за год ён не павінен перавышаць 90 дзён.
Нягледзячы на тое, што пагадненне набыло моц, некаторыя турысты пакуль сутыкаюцца з праблемамі ўезду ў Лаос без візы. Не так даўно пра гэта паведамлялі чытачы Onlíner – 20 студзеня беларуска не змагла трапіць у краіну, бо, па яе словах «у самім Лаосе аб новаўвядзенні пакуль не ведаюць». У МЗС Беларусі параілі ў такіх выпадках звязвацца з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Беларусі за мяжой.
Як дабрацца
Прамых авіязносін з Беларуссю ў Лаоса пакуль няма. Дабрацца туды можна з перасадкамі, магчыма адной не абыдзецца, таму і квіток будзе каштаваць нямала. Часцей за ўсё перасадкі адбываюцца ў Індыі ці Тайландзе.
Меры бяспекі
Лаос лічыцца адной з самых спакойных краін у рэгіёне, тым не менш турыстам раяць не выходзіць з гатэля ў цёмны час.
Эпідэміялагічная абстаноўка складаная, найбольш распаўсюджаныя такія захворванні як халера і гельмінтозы, ліхаманка Дэнге і малярыя. Таму пажадана піць толькі ваду ў бутэльках, добра мыць рукі і садавіну.
Дарожны рук левабаковы, варта быць уважлівымі на дарогах, бо правілы часта ігнаруюцца і рызыка трапіць пад мапед ці матацыкл даволі высокая.
Другая Індакітайская (В’етнамская) вайна пакінула ўсходнім раёнам Лаоса страшную «спадчыну» ў выглядзе тысячаў неразарваных снарадаў, а таксама шырокіх мінных палёў. Некаторыя з іх дасюль нерасчышчаныя, таму трэкінг у прыродных зонах для адзіночных вандроўцаў у шматлікіх месцах абмежаваны патрабаваннямі бяспекі. Для вандровак па горах і запаведніках лепш загадзя знайсці спадарожнікаў, бо шмат дзе праход дазволены толькі арганізаваным групам, і наняць гіда.
У Лаосе нельга залазіць на статуі Буды (нават для фота), дакранацца да галавы незнаёмага чалавека (гэта абраза), закідваць нагу на нагу, паказваючы ступнёй на мінакоў або Буду і заходзіць у храмы ў абутку, у шортах і іншым адкрытым адзенні.
У мясцовага насельніцтва ёсць павер’е, што калі дакрануцца да «белага дзіцяці», гэта прынясе шчасце і дабрабыт, таму варта пільна сачыць за сваімі дзецьмі, каб іх не чапалі незнаёмцы.
М’янма
М’янма (да 1989 года называлася Бірма) – гэта дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, найбуйнейшая краіна паўвострава Індакітай. Мяжуе з Індыяй і Бангладэш на захадзе, Кітаем на поўначы, Лаосам на ўсходзе, Тайландам на паўднёвым усходзе. З поўдня і паўднёвага ўсходу яе барагі абмываюцца водамі Бенгальскага заліва і Андаманскага мора. Сюды пакуль не дабраўся масавы турызм, таму тут можна адчуць самабытную атмасферу.

Згодна з праектам пагаднення, якое падпісалі Мьянма і Беларусь 25 лістапада 2025 года, грамадзяне Беларусі атрымаюць права бязвізавага ўезду, выезду і руху транзітам па тэрыторыі М’янмы. Максімальны тэрмін знаходжання без візы складзе 30 дзён з даты ўезду, аднак агульны час бязвізавага знаходжання не павінны перавышаць 90 дзён на працягу аднаго каляндарнага года. Дакумент пакуль не набыў моц, але хутка і гэтая краіна стане дасяжная беларусам.
Як дабрацца
Як і ў сітуацыі з Лаосам, прамых рэйсаў з Беларусі ў М’янму няма. Дабірацца прыйдзецца з перасадкамі.
Меры бяспекі
У шэрагу раёнаў краіны вядуцца інтэнсіўныя баявыя дзеянні вось ужо 30 гадоў. Наведванне некаторых тэрыторый краіны іншаземцамі магчымае толькі пасля атрымання афіцыйнага пісьмовага дазволу. Пералік рэгіёнаў, уезд у якія зачынены, публікуюць на сайце Міністэрства працы, іміграцыі і народанасельніцтва. Каб убачыць усе цікавыя месцы, давядзецца скарыстацца паслугамі мясцовых авіяліній. У некаторыя лакацыі проста немагчыма патрапіць на аўтамабілі праз кропкавыя канфлікты, праехаць праз некаторыя зоны нельга нават «транзітам», таму адзіны варыянт – самалёт.
Санітарна-эпідэміялагічная абстаноўка ў краіне, як і ў Лаосе, складаная. У М’янме распаўсюджаныя ліхаманка Дэнге, малярыя, сухоты, амебіяз. Пры наведванні краіны рэкамендуецца зрабіць прышчэпкі ад гепатытаў і туберкулёзу, а таксама выконваць меры прафілактыкі ад малярыі. Каб пазбегнуць заражэння кішачнымі інфекцыямі, рэкамендуецца піць ваду толькі з бутэлек і правяраць закрутку на бутэльках, каб была не пашкоджаная, не заказваць напоі з лёдам.
Таксама варта выконваць агульнапрынятыя правілы паводзін – не выходзіць на вуліцу ў занадта адкрытым адзенні (плечы і калені павінны быць прыкрыты заўсёды, незалежна ад месца знаходжання), не дэманстраваць пачуцці і адносіны на людзях. Відэа- і фотаздымка аэрапортаў, чыгуначных станцый, любых стратэгічных і ваенных аб’ектаў строга забароненая. Яшчэ не дазваляецца вываз прадметаў антыкварыяту, выяў Буды і ювелірных вырабаў без сертыфіката.
Пры ўваходзе ў пагаду патрабуецца абавязкова здымаць абутак і шкарпэткі. Калі на целе маюцца татуіроўкі з выявай Буды або сімвалаў будызму, рэкамендуецца прыкрываць іх адзеннем.
Спадзяемся, гэтая інфармацыя будзе для вас карыснай, калі вы вырашыце выкарыстаць магчымасці бязвізавага рэжыму для таго, каб адкрыць для сябе новыя краіны.