Чым заняцца ў апошнія марозныя дні? «Моцныя Навіны» сабралі самыя трэндавыя ідэі гэтай зімы
Калі вы яшчэ гэта не паспрабавалі, лавіце апошнія моцныя маразы за хвост. Гэтая зіма дастойная таго, каб застацца ў памяці і на фота.
Феерверк з кіпня ў мароз
Гэты фокус патрабуе асаблівай пільнасці і акуратнасці, таму прытрымлівайцеся здаровага сэнсу, калі захочаце паўтарыць.

Трэнд з падкідваннем гарачай вады ў паветра папулярны не першы сезон, але нягледзячы на яго папулярнасць і візуальную прыгажосць, важна сабе не нашкодзіць у пагоні за падабайкамі ў сацсетках.
Сутнасць такая: вынесці на моцны мароз ад -20 градусаў і ніжэй кубачак з кіпнем і падкіднуць яго ў паветра так, каб трымаўся прыгожы «фееверк» з пары.
Праз розніцу тэмператур кіпень амаль імгненна ператвараецца ў воблака пары. Кідок звычайна здымаюць на заходзе сонца ў прыгожым святле, проста ў сонечнае надвор’е ці ў цемры насупраць фар аўтамабіля. Выглядае гэта дужа эфектна, асабліва ў слоў-мо (запаволеная здымка).
Тут асабліва важна звярнуць увагу на тэхніку бяспекі – забаўка можа прывесці да сур’ёзных апёкаў. Такімі няўдалымі вынікамі сацсеткі таксама поўняцца.
Каб не нашкодзіць сабе, важна прытрымлівацца некаторых важных пунктаў:
- Шкляны ці керамічны кубак ад рэзкай змены тэмпературы можа лопнуць у руках. Лепш за ўсё браць металічны
- Важна выбраць бязлюднае месца для эксперыментаў і не падпускаць блізка для сябе хатніх гадаванцаў і дзяцей, каб нікога не апячы
- Надвор’е павінна быць бязветраным
- Варта падбаць пра бяспеку скуры: на вочы апрануць акуляры, на галаву капюшон, твар прыкрыць шалікам, а рукі абараніць шчыльнымі пальчаткамі
- Першую спробу зрабіце з халоднай вадой, каб патрэніраваць хуткі рух рукой наперад і ўверх і каб зразумець, куды адысці, каб не трапіць пад кіпень
Мыльныя бурбалкі
Самае простае, што можна паспрабаваць зрабіць на марозе – надзьмуць мыльныя бурбалкі, якімі звычайна забаўляюцца ўлетку, і паназіраць, як яны замярзаюць.

Наколькі відовішчна гэта будзе выглядаць – залежыць ад мыльнага раствору. Звычайныя дзіцячыя мыльныя бурбалкі хутка лопаюцца і могуць не паспець змерзнуць. Некаторыя растворы дужа шчыльныя і непрыгожа сціскаюцца на холадзе.
Можна паспрабаваць зрабіць раствор сваімі рукамі і выдзімаць бурбалку не ў паветра, а на нейкую паверхню, а потым назіраць, як на вачах па шарыку распаўзаюцца марозныя малюнкі. Калі захочаце зняць гэта на камеру – трэба знайсці добры ракурс насупраць святла, каб працэс замярзання быў добра бачны.
Для раствору паспрабуйце такі рэцэпт:
- Кіпячоная ахалоджаная вада
- Сродак для мыцця посуду
- Гліцэрын (прадаецца ў аптэцы) – гэта галоўны інгрэдыент, які запавольвае выпарванне вады, каб у бурбалкі было дастаткова часу на замярзанне
Да 15 мілілітраў сродку для посуду дадаць сталовую лыжку вады і чайную лыжку гліцэрыну. Некаторыя крыніцы раяць дадаць яшчэ крыху цукру для трывалай плёначкі.

Усё трэба акуратна змяшаць, каб не ўтварылася пенка. Лепш падрыхтаваць раствор на ноч, каб ён настаяўся.
Тэмпература звонку павінна быць ад -15 градусаў і ніжэй. Лепей, калі на вуліцы будзе даволі вільготна і бязветрана.
Выдзімаць бурбалку трэба праз саломінку ці корпус ад ручкі як мага павольней.
Афганскае марозіва на вуліцы
Гэты трэнд сёлета, здаецца, захапіў сацсеткі не толькі беларусаў, а жыхароў усёй планеты, дзе выпаў снег. Рэцэпт прыгатавання марозіва на вуліцы чымсьці нагадвае рэцэпт шыр-ях, традыцыйнага афганскага марозіва.

Шыр-ях гатуюць з малака, цукру і розных араматызатараў, накшталту ванілі ці кардамона. Лічыцца, што яно з’явілася яшчэ ў сярэдзіне першага тысячагоддзя да нашай эры ў Персіі.
Для прыгатавання спатрэбяцца:
- металічны рондаль ці міска
- венчык
- вафельныя ражкі ці кубачкі для гатовага марозіва
- вяршкі высокай тлустасці
- соль
- цукар ці цукровая пудра
- любыя дадаткі па жаданні (харчовыя фарбавальнікі, кавалачкі шакаладу, пячэння, араматызатары)
На вуліцы трэба знайсці чысты сумёт снегу, зрабіць міскай углубленне і насыпаць на снег соль. Лічыцца, што соль уступае ў рэакцыю са снегам, у выніку чаго ён «забірае» цеплыню ў металу. Таму міска хутчэй аддае цяпло, а вяршкі хутчэй астуджаюцца.

Міску ставяць у паглыбленне, заліваюць вяршкі, дадаюць цукар, дадаткі па жаданні і ўзбіваюць сумесь, пакуль яна не загусцее.
Мяккае марозіва атрымаецца прыкладна праз 15-20 хвілін безупыннага памешвання. Каб паскорыць працэс, можна загадзя астудзіць пустую міску ў снезе або ўзбіць вяршкі дома міксерам, а на вуліцы толькі давесці іх да патрэбнай тэкстуры.
Іглу са снегу ці льду
На гэтую забаўку могуць пайсці дні, але вынік таго варты. Іглу беларусаў захапілі навіны і сабралі шмат рэакцый у сетцы.
Хтосьці будуе іх са снегу. Для гэтага спатрэбяцца трывалыя пластыкавыя кантэйнеры, каб утрамбоўваць снег і рабіць з яго блокі.
Што важна – мае сэнс прадумаць трываласць канструкцыі, каб яна выпадкова не абвалілася на тых, хто ўнутры. За дзецьмі, якія гуляюцца ў такіх доміках, трэба сачыць.
Другі варыянт – намарозіць у формах для выпечкі блокі з лёду і будаваць іглу з іх. Раствор для злучэння гатуецца проста – трэба змяшаць ваду са снегам. Магчыма, гэты спосаб будзе больш замарочаным і доўгім, але затое гатовы домік можна ўпрыгожыць гірляндай і ён будзе прыгожа свяціцца ўвечары. Таксама трэба ўлічыць месца знаходжання доміка – на сонцы ён можна пачаць хутка і нераўнамерна раставаць.
Кармушка сваімі рукамі
У моцныя маразы зладзіць кармушку – гэта ледзь не абавязковая экалагічная справа па выратаванні птушак, якім зімой становіцца складаней знайсці ежу.
Кармушку можна купіць ужо гатовую, але куды цікавей замарочыцца і зрабіць яе сваімі рукамі з дрэва ці з пластыкавай бутэлькі. Важна, каб у кармушкі быў хоць які дах, які абароніць ежу ад ападкаў. Можна зрабіць гірлянду з прысмакаў і павесіць на дрэва. Можна проста падвесіць кавалачак несалёнага сала на куст – такі ласунак вельмі любяць сінічкі.
Варыянтаў тут можа быць мора – мы проста дададзім сюды фота птушыных сталовых, якія трапляліся нам на прасторах інтэрнэта.
Галоўнае – памятайце, што можна, а што нельга даваць птушкам.
Можна:
- чорнае насенне сланечніка (несалёнае)
- арэхі без дадаткаў
- свежыя яблычкі
Нельга:
- смажанае, салодкае і салёнае
- любыя віды хлеба
- сапсаваныя прадукты
Спадзяемся, што гэтая зіма пакіне вам шмат прыемных успамінаў і уражанняў.








