Skip to main content
01.08.2024

110 гадоў таму Германія абвясціла вайну Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі беларускія тэрыторыі. «Моцныя Навіны» нагадваюць пра сляды Першай сусветнай у Гомелі

28 ліпеня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. А 1 жніўня Германія абвясціла вайну Расіі, часткай якой тады былі тэрыторыі сучаснай Беларусі. І так склалася, што беларускі народ быў уцягнуты ў вайну імперый. «Моцныя Навіны» адправіліся на пошукі помнікаў вайны і месцаў у Гомелі, якія так ці іначай звязаныя з трагічнымі падзеямі тых часоў. Да нашых дзён захавалася не так шмат, але паўз некаторыя (напрыклад, плошчу Паўстання, кінатэатр імя Калініна ці Студэнцкі сквер), мы ўпэўненыя, вы прабягаеце ледзь не кожны дзень па сваіх справах.

Ваенны шпіталь

На пачатак вайны ў Гомелі і яго ваколіцах не хапала бальніц. Усяго іх налічвалася пяць: земская, гарадская, чыгуначная, яўрэйская і хірургічная. Пасля пачатку Першай сусветнай на базе лячэбных устаноў Гомеля і Добруша княгіня Ірына Іванаўна Паскевіч арганізавала лазарэты для лячэння параненых, а ў канцы 1914-га пачала будаўніцтва ваеннага шпіталя на 100 ложкаў.

Прыгожы будынак ваеннага шпіталя ў стылі мадэрн пачыналі будаваць да пачатку вайны як гінекалагічную бальніцу і радзільны дом. Аўтарам праекта быў вядомы гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Ваенны шпіталь месціўся тут да развала Савецкага Саюза. У 1997 годзе будынак перадалі на баланс горада, а пазней тут размясціўся тэрапеўтычны корпус Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. У 2002 годзе пачалася яго рэканструкцыя.

Падчас аднаўлення захавалі самае лепшае са старога афармлення: мармуровыя лесвіцы і старадаўнюю кафлю вытворчасці Marywil. Гэтай раскошнай кафляй аздоблены не адзін касцёл у Польшчы, а таксама розныя шыкоўныя будынкі ў Расіі і краінах Балтыі.

Пункт Цэнтральнага абывацельскага камітэту

У 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны царская армія і ўлады справакавалі ўцёкі жыхароў усходу Царства Польскага і заходніх тэрыторый тагачаснай Беларусі на ўсход. Сялянаў пераконвалі пакінуць свае дамы, пагражаючы небяспекай нямецкага наступу. У сваю чаргу царская армія прыняла тактыку выпаленай зямлі, знішчаючы запасы хлеба і хатні скот.

Колькасць бежанцаў ацэньваецца ў 800 тысяч чалавек, шмат хто з іх накіроўваўся ў Гомель. Дзеля іх падтрымкі мясцовыя актывісты (выхадцы з шляхецкіх сем’яў), а таксама прадстаўнікі польскай супольнасці разгарнулі маштабную сетку пунктаў дапамогі. У Гомелі і іншых паселішчах Магілёўскай губерніі разгарнулі пункты Цэнтральнага абывацельскага камітэту. З дапамогай гэтай сеткі размяркоўваліся прадукты, аказвалася медычная дапамога і даглядаліся сіроты.

На старым фота – прыбытковы дом канца XIX стагоддзя на вуліцы Кавальскай і крама пры ім. Яго сённяшні адрас – Інтэрнацыянальная, 6. Падчас Першай сусветнай у краме побач абаснаваўся склад, дзе збіралася дапамога ўцекачам з усходу Польшчы і захада Беларусі.

Помнік Ірыне Іванаўне Паскевіч

Апошняя гомельская княгіня зрабіла вельмі шмат для горада ў часы Першай сусветнай вайны, за што нават атрымала асабістую падзяку імператара. У маёнтку Паскевічаў чынілі актыўную дапамогу фронту: шылі рэспіратары, паставілі два аўтамабілі на вайсковыя патрэбы, ложкі для параненых прызначалі ў медыцынскіх установах, узведзеных княгіняй: у лякарні хваробаў вока, у земскай бальніцы. Пад лазарэт выкарыстоўваўся будынак сіроцкага прытулку. Сфармаваныя лазарэты былі ўзяты пад сцяг Чырвонага Крыжа, а расходы на іх утрыманне ўзяла на свае сродкі Ірына Іванаўна. І больш за тое – 80-гадовая княгіня пайшла туды працаваць. З 1 студзеня 1915 па 1 кастрычніка 1917 года жанчына працавала ў хірургічным аддзяленні былога лазарэта, а з 1 студзеня 1918 па 1 снежня 1919 года – ў хірургічным аддзяленні  першай савецкай бальніцы ў якасці сястры міласэрнасці.

Пасля рэвалюцыі княгіня падарыла новым уладам усю сваю маёмасць і жыла ў вылучанай ёй кватэры да самой смерці. Пахаваная ля сцяны Петрапаўлаўскага сабора, перапахаваная ў 1930 гадах на Новікаўскіх могілках. Пазней могілкі было ліквідаваныя, магіла не захавалася. Але ў 2003 годзе у скверы каля будынка ЗАГСа Цэнтральнага раёна Гомеля на былой вуліцы Першамайскай ёй усталявалі помнік. Вуліцу перайменавалі ў яе гонар. Таксама ў памяць аб гэтай неймавернай жанчыне на тэрыторыі Петрапаўлаўскага сабора ўсталяваны бюст і мемарыяльная дошка.

Навабеліцкія могілкі

На самых старых могілках Гомеля дасюль захаваліся магілы салдат рускай арміі, што загінулі ў шпіталях падчас Першай сусветнай вайны. Калі раптам апынецеся побач, звярніце ўвагу на надмагіллі ў выглядзе дрэў з адсечанымі галінамі. Звычайна такія помнікі ставілі людзям, якія не паспелі пакінуць нашчадкаў: салдаты гінулі зусім маладымі.

Плошча Паўстання

Яе назвалі ў памяць пра самае буйное на Беларусі і на Заходнім фронце выступленне салдат у Першую сусветную вайну.

У тыя часы гэтае месца было эпіцэнтрам вайсковага жыцця горада: у раёне месціліся казармы і склады ваеннага прызначэння, побач знаходзіўся Гомельскі перасыльны пункт, праз які праходзілі вайсковыя часткі, якія адпраўляліся на фронт і вярталіся з яго для дакамплектавання. Сама цяперашняяя плошча была ваенным плацам, дзе рэгулярна адбываліся агляды, муштроўка і парады вайсковых частак.

Менавіта ў гэтым месцы 4-8 лістапада 1916 года пад кіраўніцтвам Палескага камітэта РСДРП і левых эсэраў праходзіла Паўстанне гомельскага перасыльнага пункта. Салдаты, якія чакалі на перасыльным пункце адпраўкі на фронт, былі раз’юшаныя непавагай і рукапрыкладствам афіцэраў, бязглуздымі загадамі і несправядлівымі пакараннямі. Большасць з іх паспела прыняць удзел у баявых дзеяннях, атрымала раненні, а шмат хто меў узнагароды за мужнасць. Афіцэры збівалі салдат з найменшай нагоды, да непрытомнасці прымушалі скакаць гусіным крокам і стаяць «пад ружжом» па некалькі гадзін на сонцы, прывязвалі да слупоў і білі нагайкамі. Па загадах афіцэраў часам секлі розгамі да 100 чалавек у дзень. Праз гэта пачаліся сутычкі салдат з афіцэрамі, паліцыяй і лаяльнымі вайсковымі аддзеламі. Колькасць паўсталых салдат налічвала каля 4 тысяч чалавек. Па прычыне стыхійнасці выступлення і практычна поўнай адсутнасці зброі, паўстанне было задушана, самыя актыўныя ўдзельнікі былі расстраляныя, многія атрымалі катаржныя тэрміны.

Плошча Паўстання носіць сваю назву з 1967 года. І з таго ж часу на будынку фабрыкі «Труд» (былыя казармы 160-га Абхазскага пяхотнага палка і частка перасыльнага пункта) вісіць мемарыяльная дошка ў памяць пра гэтую значную, але трагічную падзею.

Студэнцкі сквер

У 1917 годзе ў Гомелі па вуліцы Румянцаўскай (цяпер Савецкая) прайшла першая легальная першамайская дэманстрацыя. Скончылася яна мітынгам на Сялянскіх могілках, каля магіл перапахаваных салдат, казакоў і матросаў, якіх расстралялі за выступленне на перасыльным пункце ў снежні 1916-га. У 1918 годзе, калі Гомель быў заняты немцамі і украінскімі гайдамакамі, на старых яўрэйскіх могілках насупраць праходзілі канспіратыўныя сходы гомельскіх падпольшчыкаў.

У 60-х гадах Сялянскія могілкі зраўнялі з зямлёй, а на іх месцы зрабілі сквер пад назвай «Студэнцкі». Хаця некаторыя жыхары навакольных раёнаў дасюль называюць яго «Могільнікам». Яўрэйскія могілкі таксама знеслі і пабудавалі на гэтым месцы стадыён.

Калі прыглядзецца, то і сёння можна заўважыць у зямлі сквера ўпадзіны і бугаркі – гэта рэшткі магіл. Да слова, калісьці тут была магіла і сваяка вядомага кампазітара Рымскага-Корсакава, якога расстралялі ў 1916 за ўдзел ў выступленні салдат перасыльнага пункта.

Гасцініца «Савой» – кінатэатр імя Калініна

Звязаў свой лёс з Першай сусветнай і будынак былой гасцініцы «Савой». Яе пабудавалі па праекце Станіслава Шабунеўскага 1 снежня 1911 года на рагу вуліц Румянцаўскай (сённяшняй Савецкай) і Мясніцкай (Камунараў).

Шабунеўскі стварыў неймаверны для Гомеля гандлёва-забаўляльны комплекс, у якім былі гасцініца, рэстаран, цырульня, тэатральна-канцэртная зала, бібліятэка з чытальнай залай і кінематограф.

На жаль, комплекс праіснаваў усяго 29 гадоў. Тут у 1918 годзе, у рэстаране гасцініцы, дзе знаходзілася германскае камандаванне, адбыўся выбух, які арганізавалі мясцовыя падпольшчыкі.

У 1919 годзе падчас Стракапытаўскага мецяжу будынак быў абстраляны гарматамі, а ў 1941-м падчас авіяналёту германскай авіяцыі тут згарэлі перакрыцці і былі часткова разбураныя апорныя сцены будынка.

Пасля заканчэння вайны будынак вырашылі знесці, пакінуўшы толькі невялікую частку, і перабудавалі ў кінатэатр імя Калініна. Затым на месцы былога гатэля разбілі сквер, а ў 1959 годзе пабудавалі добра вядомы гамяльчанам Стары ўнівермаг.


Спадзяемся, пасля прачытання гэтага матэрыялу, вы па-новаму паглядзіце на звыклыя для сябе месцы ў горадзе і на секунду задумаецеся пра гісторыю Гомеля і лёс яе жыхароў.


Читайте также:

Новое на сайте: