Сёння ў Гомелі можна знайсці неблагі выбар варыянтаў, як правесці вечар. Прычым ведае толк у тусоўках не толькі моладзь, але і гомельскія пенсіянеры, чые дыскатэкі на свежым паветры нават сталі натхняльным прыкладам для бабуляў і дзядуляў іншых гарадоў вобласці. Але давайце зазірнем у час, калі тусовачнае жыццё ў горадзе толькі пачыналася. Паглядзім, што цяпер сталася з папулярнымі месцамі мінулага, і як змяніўся фармат адпачынку гамяльчан.
Пры поўнай пасадцы можна было залезці ў рэстаран праз балкон
У 1989 годзе ў Гомелі было 13 рэстарацый. Самым галоўным лічыўся рэстаран «Беларусь» на плошчы Леніна, 2. У народзе яго называлі «Бэсэр» – ад БССР.
Пабудавалі яго яшчэ ў 1968 годзе. На той момант ён стаў самым буйным рэстаранам Гомеля на трыста пасадачных месцаў з трыма заламі на розных паверхах і кактэйль-барам. Трапіць сюды ў выходныя было няпроста. Звычайна для гэтага даводзілася браніраваць столікі загадзя, купляючы так званую «візітку», у якую ўваходзіў стандартны набор страў.
Калі вы прыходзілі ў рэстаран без броні, можна было ўперціся ў непрыступнага швейцара і вялікую чаргу. Рэстаранаў у той час яўна бракавала, а кошты былі вельмі даступныя. Тыя, у каго не атрымлівалася дамовіцца са швейцарам, часам карысталіся экстрэмальным спосабам трапіць у рэстаран. З левага тарца да будынка прымыкала драўляная рашотка, па якой можна было забрацца на адкрыты балкон-тэрасу. Праўда, для гэтага пажадана было запусціць аднаго з вашай кампаніі ўнутр – каб уцягнуў на балкон за рукі, бо самастойна забрацца туды было практычна немагчыма. Можна толькі здагадвацца, колькі экстрэмалаў на падпітку сарвалася адтуль уніз і пакалечылася.
Цяпер на месцы рэстарана знаходзіцца гандлёва-забаўляльны цэнтр «Еўропа», які і сёння можа лічыцца кропкай прыцягнення гомельскіх тусоўшчыкаў розных узростаў. Тут ладзяцца дыскатэкі без абмежаванняў па ўзросце, а ўлетку ў парку побач любяць завіснуць школьнікі. У будынку таксама размясціўся лаўнж-бар «Мята», дзе ў пятніцу-суботу танчыць да раніцы больш дарослая аўдыторыя.
А зусім побач – у парку каля палаца дзяцей і творчасці – ладзяцца дыскатэкі для пенсіянераў на свежым паветры. Відэа з гэтых танцаў даўно вірусяцца ў розных сацсетках, а сярод актыўных удзельнікаў нават з’явіліся свае мясцовыя зоркі.
З «Бэсэрам» канкурыраваў рэстаран «Турыст», які адчыніўся пры аднайменным гатэлі на вуліцы Савецкай, 87. Ён вядомы тым, што тут у 2-й палове 80-х гадоў адкрылася першае ў Гомелі вар’етэ. Шоу з даўганогімі дзяўчынамі выклікала проста фурор. Потым месца аблюбавалі крымінальныя элементы: рэстаран быў зонай кантролю вядомай групоўкі «Пентагон». Тут жа збіралася ўся прастытутачная эліта.
У сённяшнія часы гасцініца і рэстаран існуюць, але слава аднаго з самых папулярных месцаў для адпачынку і гарачых разборак засталася ў мінулым.
Як у Гомелі запрацаваў першы начны клуб у 90-я
Першы ў Гомелі і другі ў Беларусі начны клуб адчынілі ў будынку тэатра імя Калініна на вуліцы Камунараў, 4. Называўся ён «Лайт» і пасля стаў самым вядомым за ўсю гісторыю клубнага жыцця горада. Па ўспамінах яго ўласніка Алега Рыжкова, справа гэта была нялёгкая, бо фармат новы. Спачатку ўсе дакументы падпісалі і ўзгаднілі, а пасля пасыпаліся шматлікія праверкі. За ноч у клубе часам правяралі адначасова санітарны стан, ліцэнзіі на гандаль алкаголем, узрост наведвальнікаў, валютныя аперацыі і касы, нормы па плошчах. Заканадаўства змянялася ледзь не кожны тыдзень. Рыжкоў у інтэрв’ю «Камсамолцы» расказваў, як уначы ён працаваў у клубе, а днём хадзіў па інстанцыях, разбіраючыся, яго штрафуюць ці ўжо закрываюць.
Гэтае месца таксама любілі вядомыя гомельскія бандыты «марозаўцы». Звычайна крывавых разборак тут не ладзілі, але культура паводзін і піцця тады ў начных клубах была не вельмі высокай, таму праца для міліцыі знаходзілася часта. Любілі тут тусавацца і геі, бо гей-клубаў у горадзе ніколі не было.
Цяпер у будынку кінатэатра месціцца некалькі кафэ. У адным з іх і дасюль можна завіснуць да раніцы ў бары, але, вядома, да культавага «Лайта» яму не дацягнуцца.
Сам Алег Рыжкоў пасля таго, як адышоў ад спраў клуба, вырашыў заняцца Гарадскім цэнтрам культуры на Ірынінскай, 16. Там таксама пасля адчынілі начны клуб – першы ў сценах дзяржаўнай арганізацыі.
Тусоўшчыкі Гомеля памятаюць яшчэ адну лакацыю, дзе ладзіліся яскравыя тэматычныя дыскатэкі – Rocket Club па вуліцы Палеская, 96А. Раней на яго месцы працаваў кінатэатр «Ракета», які зачыніўся ў 1990-я. Будынак доўгі час пуставаў, пакуль у яго не засяліўся клуб, што качаў асяроддзе ажно да 2014 года. Цяпер тут кафэ «Рояль» (хаця шыльда Rocket Club так і засталася на месцы), але атмасфера вакол хутчэй сумная, чым тусовачная.
Яшчэ адно невідавочнае месца, якое захавала ў сабе гісторыю гомельскіх дыскатэк – чацвёрты корпус Гомельскага медуніверсітэта на пракспекце Касманаўтаў. У пачатку 90-х тут месціўся Палац моладзі з бібліятэкай. У нулявыя будынак круглай вежы заняў начны клуб «Эліс».
Цяпер тут праходзяць лекцыі для студэнтаў. Але калі падняць галаву і паглядзець на столь, то можна пабачыць дыскашар, які дасюль нагадвае пра вясёлыя часы ў гэтых сценах.
«Чупа-Чупс», «Клетка» і «гуталінавы» двор – месцы сустрэч гомельскіх нефармалаў
У канцы 90-х і ў пачатку 2000-х большасць гомельскіх нефармалаў тусавалася ў скверы каля цырка. Гамяльчане ўзгадваюць, што там заўсёды нейкім цудоўным чынам ужываліся самыя розныя людзі: скіны, электроншчыкі, геі і лесбіянкі. Справа ад цэнтральнага ўваходу ў цырк тусаваліся рэперы. Часам іх там было чалавек пад пяцьдзесят. Яны гуляліся ў сокс і слухалі негрыцянскія напевы.
Трэба сказаць, што ў скверы ля цырка тусуюцца і цяпер, асабліва ўлетку. Гомельскія школьнікі прыходзяць сюды на дыскатэкі і стрымы.
Легендарным месцам для тусовак быў сквер Грамыкі, які ўмоўна падзяляўся на «вялікі круг» і «малы круг». На «вялікім» сядзелі ўсе запар, у асноўным падлеткі, якім хацелася патусавацца з усякімі нефармаламі, але было боязна, што мама будзе лаяцца. Тут часта выступалі з гітарамі гурты-пачаткоўцы.
На «малым» тусаваліся алкаголікі і нефармалы. Улетку купаліся ў фантане – тады ён быў з борцікамі. Увосень яго выключалі сантэхнікі, а нефармалы набухіваліся, залазілі ў калодзеж, дзе стаіць аўтаматыка, і самі ўключалі яго ноччу. Такое супрацьстаянне доўжылася па некалькі тыдняў, пакуль не прыходзіла міліцыя з просьбамі так не рабіць.
Тусоўка з гэтага месца часам плаўна перацякала ў найбліжэйшыя двары і пад’езды, а часам – у фае лялечнага тэатра.
Да слова, у двароў былі нават свае назвы. У «гуталінавым» двары лаўкі гуталінам мазалі, каб там не збіраліся нефармалы.
Яшчэ быў «дворык, дзе вадой абліваюцца», дзе на тусоўшчыкаў, як можна здагадацца, лілі ваду з вокнаў.
Непадалёк месціўся «амерыканскі», але чаму такая назва – ніхто ўжо не памятае.
Усе яны знаходзіліся ў цэнтры ля БелДУТа.
За танкам на плошчы Паўстання з канца 90-х да сярэдзіны 2000-х збіраліся скінхэды. Там да нядаўняй рэканструкцыі была ўтульная алейка з лавачкамі, дзе а 5 вечара збіраліся, пару гадзін тусаваліся, а затым ішлі ўсім натоўпам гуляць па цэнтры Гомеля. Тусоўшчыкі тых часоў узгадваюць, што розныя субкультуры добра ладзілі паміж сабой, не было ніякай варожасці.
Атмасферная лакацыя пад назвай «Чупа-Чупс» (праз характэрныя ліхтары) таксама шмат каму падабалася за шыкоўны від на Сож, дзе файна сустракаць світанак. Тут можна было паліць вогнішчы, бухаць, ванітаваць пад елкамі і нават спаць. Цяпер на гэтым месцы спартыўная пляцоўка.
А ў парку палацава-паркавага ансамбля месцілася адкрытая танцпляцоўка, што ў народзе называлася «Клетка». Так яе назвалі праз высокую сетку, якой яна была абнесена. Гэта нагадвала цяперашнія актаганы для баёў ММА. Па ўспамінах гамяльчан, каб трапіць на танцпляцоўку ўнутр, трэба было заплаціць грошы, хаця музыку было добра чуваць і па-за яе межамі. Тут не толькі танчылі. Гэта было месца, дзе біліся раён на раён. Цяпер тут – атракцыён «Лабірынт».
Сёння месцы для тусовак перамясціліся ў кафэ, бары і… бібліятэкі
Калі ўзяць інфармацыю з сайта Relax, сёння ў Гомелі налічваецца 54 рэстарана, 98 кафэ, у тым ліку 29 бараў, 9 піцэрый і 31 кавярня. Пошук па начных клубах прапаноўвае восем варыянтаў.
Кафэ, якія сябе зарэкамендавалі, як самыя папулярныя для файнага вечара з келіхам пеністага – гэта безумоўна «Квартирник», ці «Квартос», як кажуць прыхільнікі гэтага месца, на Білецкім спуску, 1, дзе час ад часу ладзяцца ўтульныя канцэрты. Таксама папулярны SozhskiHub на Падгорнай, 10Г, што заняў былыя памяшканні гомельскага сударамонтна-судабудаўнічага завода. У ім ладзяць розныя тэматычныя івэнты, у тым ліку фестываль крафтавага піва. Аматары патусавацца ўвечары ў пятніцу таксама ўзгадваюць «Чисто пивной ресторанчик».
На сайце TripAdvisor у топ-5 гомельскіх кафэ ўвайшлі «ФаСоль», «Старое время», «Бульдог Паб», «Сябры» і «Бефана». Сярод іх самым цікавым месцам з’яўляецца «Старое время» – адна з першых у Гомелі тэматычных устаноў, стылізаваная пад СССР і папулярныя савецкія фільмы. Кафэ амаль не змянялася з адкрыцця ў 2008 годзе.
Акрамя алкагольных тусовак, гамяльчане любяць і культурны адпачынак. Адчуць атмасферу гомельскага андэрграўнда можна ў вегетарыянскім кафэ «Чаша мира», якое таксама з’яўляецца і арт-прасторай, дзе можна паглядзець фільмы або паслухаць непапсовую музыку. Пачыналі яны, як фургончык на паркоўцы, вакол якога збіралася творчая тусоўка Гомеля. Цяпер перамясціліся на Камсамольскую вуліцу, 10. Сёлета, да слова, святкуюць 10 гадоў з адкрыцця.
Модныя падлеткі і моладзь завісаюць у кавярнях Coffee and toast. На слэнгу проста «Тост». На Леніна, 10, існуе таксама і аднайменны начны клуб. Тут таксама можна акультурыцца – акрамя музыкальнай праграмы, у кафэ часта ладзяцца выставы і іншыя цікавыя імпрэзы.
Калі вы не аматар алкаголю, можна тусавацца ў… бібліятэцы. Годны варыянт для адпачынку ў вольны час – пайсці на лекцыю ў адкрытую бібліятэку «Чытай-Хатка» на маторарамонтным заводзе. Там жа ладзіцца «СТУК» – акустычная музычная імпрэза ў фармаце вольнага мікрафона. Сюды прыходзяць творчыя людзі, каб спяваць свае аўтарскія песні ці чытаць вершы на паэтычных вечарах.
Школьнікі цяпер збіраюцца ў гандлёвых цэнтрах на сваіх раёнах, а таксама ў фастфуд-кафэ кшталту Мак.бай, KFC, Burger King, бо яны вабяць нізкімі коштамі. Тут шмат падлеткаў асабліва ў дні нейкіх акцый. А ў цёплы час школьнікаў можна ўбачыць у цэнтра каля фантана ці побач з тым жа цыркам, дзе праходзяць нейкія імпрэзы, вечарыны ці стрымы.
Можа, на першы погляд падаецца, што цяпер тусуюцца меней, у параўнанні з тымі ж дзевяностымі і нулявымі, але нам здаецца, у горадзе проста палепшылася тусовачная інфраструктура. І калі раней моладзь сама сябе забаўляла на вуліцы на лавачках пад пад’ездамі ці ў парках, парушаючы пакой грамадства, то цяпер адпачываць можна больш якасна і бяспечна ў пабах і барах. Выбар сапраўды вялікі – на розны ўзрост, густ і кашалёк. Галоўнае – ведаць меру, каб на наступны дзень не тусавацца ў ложку і не пакутаваць ад галаўнога болю.