Чым заняцца на вялікіх выходных, каб дакладна адпачыць і перазагрузіцца? Тры парады ад «Моцных Навін»
З 7 па 10 лістапада большасць з нас будзе адпачываць, каб потым працаваць шэсць дзён запар замест пяці. Але да гэтага яшчэ далёка. Цяпер наша задача – паспець за чатыры вольных дні да краёчкаў напоўніцца энергіяй і бадзёрымі вярнуцца ў новы працоўды тыдзень. «Моцныя Навіны» напружыліся і прыдумалі за вас некалькі варыянтаў, як можна расслабіцца і выдыхнуць. Спадзяемся, вы знойдзеце для сябе нешта прывабнае і файна прабавіце гэты час!
Кажуць, каб арганізм чалавека сапраўды ўспрыняў вашую дзейнасць, як адпачынак, трэба тры ўмовы: ніякай адказнасці, ніякай канкурэнцыі і ніякай навізны. Можа, сумясціць усе гэтыя ўмовы адначасова на першы погляд будзе няпроста ў выкананні, але паспрабуйце – раптам вам спадабаецца.
Пазбавіцца на некалькі дзён ад ролі дарослага і ірвануць на прыроду
У працоўныя дні мы нясем на сябе вялікі мех адказнасці за ўсё, што толькі можна: дэдлайны, задачы, у кагосьці ёсць хатнія гадаванцы і дзеці. У вольныя дні варта даць сабе магчымасць не адказваць ні за што – не браць на сябе абавязкі нешта арганізаваць, па-магчымасці адвезці дзяцей да бабуль і дзядуль, жывёл – да сяброў ці суседзяў, і дазволіць сабе адчуць бесклапотнасць – як у дзяцінстве.
Самае складанае пры гэтым – не рабіць нічога, бо мы прывыклі быць у няспыннай бурлівай дзейнасці. Магчыма, у шалёным тэмпе сучаснага жыцця, проста праваляцца чатыры дні дома і не адчуваць сябе за гэта вінаватым у залішняй ляноце, будзе нялёгка. Магчыма, рукі пацягнуцца парабіць тое-сёе нашкталт прыборкі, якую вы не асабліва любіце – і гэта таксама наўрад ці можна будзе назваць адпачынкам. І, каб у апошні дзень перад працай не ўзнікла гэтае непрыемнае пачуццё, што вольныя дні прайшлі, а адчування адпачынку не было, раім падрыхтавацца загадзя і адправіць сябе на прыроду. Думка пра тое, што вы зладзілі самі сабе рэтрыт для фізічнага і ментальнага здароўя будзе грэць вас яшчэ працяглы час, а эфект бадзёрасці (у залежнасці ад таго, колькі стомы ў вас назбіралася) – прадоўжыцца крыху болей.
Разумеем, дачны сезон ужо скончыўся і, калі інфраструктура на лецішчы не дазваляе без лішніх целарухаў стварыць патрэбны камфорт у лістападаўскае надвор’е, раім звярнуць увагу на аграсядзібкі ў жывапісным месцы. Добры варыянт – паехаць у нацыянальны парк «Прыпяцкі». Там можна нават падзяліць сям’ю па цікавасцях: яго на лоўлю рыбы, а яе – у сафары-парк назіраць за жывёламі. На ноч можна застацца ў турбазе, каб нікуды не спяшацца, пагуляць па лесе, прыслухацца да лясных гукаў, паразглядаць мясцовыя расліны, адным словам – запаволіцца і не думаць пра сто спраў, якія засталіся дома.
Акрамя Нацпарка, можна яшчэ разгледзець заказнікі. Напрыклад, сёлета ў заказніку «Выдрыца», што ў Светлагорскім раёне, адкрылася экасцежка «Даліна ракі Ала». Там таксама ёсць турбаза «Урэчча» на выпадак, калі захочацца застацца ночыць на прыродзе.
Ну а калі не хочацца выязджаць з Гомеля далёка, ці няма такой магчымасці, адпраўляйцеся даследваць зялёныя зоны горада. Улетку ў горадзе адкрылася новая экасцежка каля Абкамаўскага возера. Галоўнае – апрануцца цяплей, узяць з сабой тэрмас, любімую музыку ў навушніках і перавесці паведамленні з мэсэнджараў у тэлефоне на бязгучны рэжым.
А калі ўсе паркі і скверы Гомеля вы ўжо паспелі даследваць дасканала, паспрабуйце выбрацца ў добра знаёмае месца на прагулку ў нязвыклы для сябе час – на світанні ці заходзе сонца. Магчыма, месца зайграе для вас новымі фарбамі.
Пакінем самаразвіццё на больш рэсурсныя дні
Давайце шчыра: паспяховы поспех настолькі ўжо прыеўся, што даўно перастаў натхняць і даваць сілы. У свеце гонак за грашыма, увагай і паказчыкамі на выходныя дні лепш не планаваць конкурсы і спаборніцтвы, дзе таксама трэба выкладвацца на 100%.
Паспрабуйце замест настолак, квізаў, квэстаў ці новых курсаў прачытаць за гэтыя чатыры дні адну кнігу. Але выбірайце кнігу не па самаразвіццю, псіхалогіі ці тайм-менеджменту, а мастацкую. Для чытачоў «Моцных Навін» мы выбралі тры кнігі, якія хоць сёння можна купіць у любой кнігарні.
1. «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын» – гэта збор апавяданняў сучасных беларускіх аўтараў. Кніга нагадвае сустрэчу дзесяці сяброў, якія даўно не бачыліся. Кожны з іх жадае расказаць гісторыю з жыцця ці неверагодную байку, каб пацешыцца або паразважаць. Настальгічныя ўспаміны аб дзіцячых летуценнях і авантурныя апісанні любоўных прыгод суседнічаюць з філасофскімі разважаннямі пра бацькоў і малую радзіму. Падзеі твораў адбываюцца то каля Шуміліна, то ў палескай глыбінцы. З дняпроўскіх прастораў героі пераносяцца ў хаты кантрабандыстаў каля беларуска-польскай мяжы, а з Замкавай гары ў Навагрудку – у далёкую Японію.
2. «Дом Кёко» Юкіа Місіма – гісторыя чатырох маладых людзей, сталых наведвальнікаў салона (ці прыхаджан храма), у якім пануе гаспадыня (ці жрыца) Кёка. Гэтыя чацвёра – чатыры грані самога аўтара: тонка адчувальны нявінны мастак, заўзяты баксёр, незапатрабаваны актор-нарцыс, зачараваны сваёй прыгажосцю, і бізнэсмэн, які, прыкідваючыся кар’ерыстам, пагарджае рэальнасцю, верыць у нігілізм і ў няўхільны канец свету.
3. «Хранительница историй» Салі Пэйдж. Кніга знойдзе водгук у аматараў розных жанраў. Тут намяшана крыху рамантыкі, кропля інтрыгі, трошкі гумару, філасофія, драматычныя павароты і мілы сабачка. А ўсё разам – раман пра людзей, розных і асаблівых, непаўторных. Магчыма, варта прыгледзецца да сваёй гісторыі жыцця і заняцца зменамі ў яе сюжэце.
А калі чытаць вы не асабліва любіце – звярніце ўвагу на нашую падборку серыялаў для вялікіх выходных.
Вандроўкі і паездкі – гэта не адпачынак
Рэч у тым, што псіхіка чалавека вельмі любіць прадказальнасць. Калі вакол нас захоўваюцца знаёмыя і звыклыя ўмовы, нам не трэба адаптавацца да новага, а наш мозг адпачывае. Даследаванні паказваюць, што звыклая дзейнасць змяншае ўзровень стрэсу і дазваляе мозгу пераключыцца ў рэжым «энергазберажэння».
Калі мы едзем у новыя месцы за новымі эмоцыямі, мы ўсё ж напружваемся. Таму, калі вам і хочацца вырвацца ў нейкі невялікі трып па Беларусі гэтым разам, раім звярнуць увагу на месцы, дзе вы ўжо былі, дзе вам усё збольшага знаёма і спадабалася ў мінулы раз. А калі душа прагне адкрыццяў, то пакіньце сабе час на спакойны адпачынак пасля актыўнага адпачынку, каб проста пераварыць новыя ўражанні перад пачаткам новага доўгага працоўнага тыдня.
Яшчэ адна ідэя – вярнуцца да старых хобі ці цікавасцяў, закінутых у віры занятых дзён, якія не патрабуюць ад вас вывучэння новых навыкаў.
А, магчыма, найлепшай парадай на гэтыя чатыры дні для вас будзе проста нарэшце выспацца!