З нагоды нядаўніх святаў, прысвечаных мамам і татам, «Моцныя Навіны» паспрабавалі даведацца больш пра бацькоў вядомых і паспяховых беларусаў сучаснасці, каб знайсці ту самую формулу поспеху, якая стала вызначальнай у іх выхаванні. Вядома, што ўсе людзі розныя і няма нейкага аднаго сакрэта, каб гарантавана зрабіць свайго дзіцёнка мільярдэрам. Але пэўныя заканамернасці мы дакладна заўважылі і з радасцю дзелімся з вамі.
Для прыкладаў мы вывучылі біяграфію Андрэя Мельнічэнка, Віктара Кіслага, Аркадзя Добкіна і Марыі Шарапавай. Усе яны паходзяць з Беларусі, хаця цяпер і жывуць за яе межамі ў самых розных кутках свету.
Андрэй Мельнічэнка
У Беларусі афіцыйна няма ніводнага доларавага мільярдэра. Але, паводле падлікаў часопіса Forbes, з Гомелю паходзіць найбагацейшы чалавек Расіі. Яго імя – Андрэй Мельнічэнка. Ён лічыць сябе «беларусам па нараджэнні», але «рускім па нацыянальнасці».
Андрэй нарадзіўся ў Гомелі ў 1972 годзе ў сям’і выкладчыкаў.
Маці Тамара Мельнічэнка, украінка па нацыянальнасці, з 1960-х гадоў працавала ў Гомельскай музычнай вучэльні імя Сакалоўскага. Выкладала беларускую і расейскую літаратуру. Яе былы вучань, драматург Уладзіслаў Ахроменка, ўспамінае яе, як сімпатычную, валявую, разумную і адукаваную. Казаў, што настаўніца ведала на памяць паэму Янкі Купалы «Курган».
Бацька Ігар Мельнічэнка ў 1971-1992 гадах быў выкладчыкам на фізфаку Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Скарыны. У 1992-м абараніў доктарскую дысертацыю. Аўтар больш за 100 навуковых публікацый. Лічыўся чалавекам разумным і аўтарытэтным.
Будучы мільярдэр пайшоў у бацьку, мае матэматычны розум. Браў удзел у школьных алімпіядах горада, вобласці і Беларусі па фізыцы. Да 9-га класа вучыўся ў гомельскай школе №11. І свае першыя грошы зарабіў акурат ў Беларусі школьнікам – змайстраваў радыё для школы. Таленавітага хлопчыка хацелі забраць у Маскву вучыцца ў школе-інтэрнаце імя Андрэя Калмагорава пры Маскоўскім універсітэце ўжо ў 8 класе. На той час гэта была самая прэстыжная фізіка-матэматычная школа СССР.
Маці была супраць, але яшчэ праз год яе ўгаварылі. 10 і 11 класы Андрэй скончыў у спецыялізаванай школе, а пасля ён адразу паступіў на фізфак МДУ. Універ ён не скончыў, кінуў на трэцім курсе, каб перавесціся ў Расійскую эканамічную акадэмію імя Пляханава на «фінансы і крэдыт», якую паспяхова скончыў у 1997 годзе. Там ён і пачаў займацца бізнэсам, адкрыўшы з сябрамі-студэнтамі проста на тэрыторыі інтэрната пункт па абмене валюты.
Віктар Кіслы
Кампанію Wargaming Віктара Кіслага агенцтва Bloomberg у 2016 годзе ацаніла ў 1,5 мільярдаў долараў. Хаця ў рэйтынгу Forbes стваральнік знакамітых «танчыкаў» так і не з’явіўся, не адзначыць яго поспех у галіне камп’ютарных гульняў немагчыма.
Віктар нарадзіўся ў Мінску ў 1976 годзе. Пра маці знайсці інфармацыю не ўдалося.
А вось бацька, Уладзімір Кіслы, сыграў вялікую ролю ў жыцці бізнэсоўца.
Упершыню хлопец пазнаёміўся з камп’ютарамі і першымі прымітыўнымі гульнямі ў навуковай лабараторыі, дзе працаваў бацька. І, калі Віктар быў яшчэ маленькім хлопчыкам, бацька адвёў яго на пастаноўку эпічнага «Спартака» з Кіркам Дугласам. Дзіцё засталося пад вялікім уражаннем ад жудасных і прыгожых бітваў і моцна зацікавілася ваеннай гісторыяй.
Прыкладна ў той жа час бацька запісаў хлопчыка ў прафесійную шахматную школу, дзе ён правучыўся сем гадоў. Там той стаў адным з лепшых гульцоў у Мінску. Ён быў настолькі імі захоплены, што намаляваў на лінолеўме ў кватэры, прадстаўленай сям’і дзяржавай, карту поля бою. Бацькі былі ў шоку, таму што сын узяў для гэтага перманентныя чарнілы. І гэтая любоў у выніку лагічна прывяла да ваенных стратэгічных гульняў.
Пасля школы ў той час было модна ісці ў Наргас. Але бацька палічыў, што важна не проста атрымаць адукацыю бухгалтара, а навучыццы думаць галавой, прыдумляць і тварыць. І таму ён настаяў на фізфаку БДУ. Гэта быў сапраўды правільны выбар. Як прызнаўся сам Віктар у адным з інтэрв’ю, не толькі ён, але і шмат людзей, якія пачыналі ў Wargaming даўным-даўно, па адукацыі менавіта фізікі, хімікі, радыёфізікі і матэматыкі. Адукацыя вельмі дапамагла ў мадэляванні. Энтузіазм і мара стварыць найлепшую гульню ў свеце запальвалі і дапамаглі доўга пратрымацца перад тым, як з’явіліся культавыя World of Tanks, што праславіла стваральнікаў на ўвесь свет.
Аркадзь Добкін
Аркадзь Добкін – буйны амерыканскі прадпрымальнік беларускага паходжання, заснавальнік EPAM Systems.
Аркадзь нарадзіўся ў 1960 годзе ў Мінску. Яго бацькі прайшлі праз вайну і цяжкія пасляваенныя гады.
Маці – карэнная мінчанка, здолела ўцячы ў 15 гадоў з мінскага гета. У яе атрымалася здабыць зброю і збегчы ў партызанскі атрад «Мсцівец». Амаль уся яе сям’я і сваякі, агулам 34 чалавекі, загінулі ў гета.
Бацька – ўраджэнец Смаленска, яго сям’ю эвакуявалі ў Арэнбургскую вобласць. Сам ён служыў на флоце з 41-га па 45-ы, прайшоў праз усю блакаду ў Ленінградзе.
Доўгі час сям’я жыла ў камунальнай кватэры на дзве сям’і, 5 чалавек у адным пакоі і 4 у іншым. Але затое кватэра месцілася на плошчы Перамогі, а па месцы жыхарства знаходзілася сярэдняя школа №50 з матэматычным ухілам, куды і пайшоў вучыцца Аркадзь. На той момант гэта была найлепшая матэматычная школа Мінска. У 1983 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер электратэхнікі». У 1991 годзе эміграваў у ЗША, дзе праз два гады заснаваў EPAM Systems.
Па словах старэйшага брата, Сямёна Добкіна, на Аркадзя паўплывала і тое, што бацькі ім болей займаліся. Калі адразу пасля вайны нарадзіўся Сямён, умовы жыцця былі кашмарныя. Бацькам увесь час прыходзілася працаваць, а сын быў больш аддадзены сабе і вуліцы. Аркадзю дасталася больш увагі і ў школе ён вучыўся лепш.
Марыя Шарапава
Расійская тэнісістка, былая першая ракетка свету, таксама мае карані з Беларусі.
Бацькі родам з Гомеля. За некалькі месяцаў да нараджэння дачкі яны пераехалі ў Сібір праз аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Марыя нарадзілася ў 1987 годзе ў Нягані.
Маці, Алена Шарапава, нарадзіла дачку ў 20 гадоў. Яны разам з мужам вырашылі не аддаваць Марыю ў садок, таму ўсё дзяцінства тая правяла ў бібліятэках. Слухала з 4-5 гадоў лекцыі пра Пушкіна і іншых расійскіх пісьменнікаў. Маці ніколі не наймала няню, намагалася спраўляцца сама, часам звяртаючыся да дзядулі з бабуляй. Марыя дужа пяшчотна ставіцца да маці і лічыць сябе распешчанай ёю. Кажа, што яна аказвае добрае ўздзеянне на яе, захапляецца яе спакойным характарам.
Прыкладна ў той час, у будучай спарстменкі раглядзелі здольнасць да тэнісу. Дзеля гэтага яе бацька Юрый вырашыўся з’ехаць для далейшага навучання дачкі ў ЗША. Сама Марыя пісала пра яго ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе, што бацька меў цвёрды характар і стараўся навучыць яе дысцыпліне. Спачатку ўсе лічылі яго дзіваком, бо Юрый не ведаў тэніс добра. Але ён цалкам прысвяціў сябе кар’еры дачкі. І заўсёды знаходзіў патрэбных людзей, якія займаліся дзяўчынкай.
Па словах агента Марыі, Макса Айзенбада, яе бацька ніколі не перабольшваў з трэніроўкамі. Ён добра разумеў, калі тая стамлялася і адмяняў заняткі. Здароўе дачкі было для Юрыя найвышэй за ўсё. Цікава, што ён ніколі не казаў пра перамогу. Яго галоўным настаўленнем было: «Гуляй у правільны тэніс».
Формула поспеху
Якія агульныя рысы можна вызначыць з усіх гэтых кароткіх біяграфій?
1. Адукацыя. Але гэта не проста азначае «корачку» з прэстыжнага ўніверсітэта. Каб з дзіцяці вырас паспяховы чалавек, яго трэба навучыць разважаць і стратэгічна мысліць. Як бачым, трое з нашых герояў вучыліся ў класах з матэматычным і фізічным ухілам. І гэта пэўна сыграла вялікую ролю ў іх дарослым жыцці.
2. Актыўны ўдзел бацькоў у працэсе навучання. Але гэта наўрад ці азначае строгі кантроль за адзнакамі і прачуханка за няўдачы. Размова хутчэй пра ўвагу і падтрымку падчас працэса, пошук найлепшых настаўнікаў і школ. А яшчэ важна быць побач і падтрымліваць: пахваліць, калі дзіцё дасягнула поспехаў, суцешыць, калі нешта не атрымалася. Калі побач такая каманда заўзятараў, дайсці да вяршыні ў разы лягчэй!
3. Досвед саміх бацькоў. Перад намі ў асноўным інтэлігентныя сем’і. Многія сутыкнуліся ў жыцці з сур’ёзнымі выклікамі – вайна, беднасць, эміграцыя – але не скарыліся. Наадварот, загартаваліся і хутчэй за ўсё, на іх прыкладзе, на падсвядомым узроўні дзіцё навучылася змагацца з перашкодамі на шляху да мэты, а не наракаць на лёс.