Skip to main content
31.05.2024

«Павадок» для дзіцяці – зручны памочнік для бацькоў ці вычварэнства? «Моцныя Навіны» запыталіся ў псіхолага

Некалькі дзён таму беларускі інтэрнэт узарвала навіна пра мужчыну са Слуцка, які ў парку гуляў з дзіцём. Справа ў тым, што хлопчык быў прычэплены за руку да рукі дарослага з дапамогай стужкі, падобнай да сіліконавай пружынкі, якую некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі памылкова прынялі за ланцуг. Адныя абурыліся, што дзіцё «выгульваюць», як сабаку. Іншыя выказалі меркаванне, што гэта зручны дэвайс дзеля бяспекі, калі ў сям’і гіперактыўныя дзеці. Наколькі прымальны такі спосаб утрымаць дзіцё побач? Сваім экспертным меркаваннем з «Моцнымі Навінамі» падзялілася псіхолаг Марына Драко.

Спачатку псіхолаг патлумачыла нам, як працуе мозг чалавека. Ён упарадкаваны такім чынам, што калі ён чагосьці не разумее, яму трэба дабудаваць рэальнасць. Мозгу трэба самому сабе растлумачыць, што ён бачыць, каб усвядоміць, што адбываецца. І калі чалавек ніколі не бачыў як гуляюць з дзіцём з дапамогай такога прыстасавання, яго мозг адразу вымалёўвае больш звыклую карціну. У гэтым выпадку – як мужчына выгульвае сваю сабаку з дапамогай звычайнага павадка ці ланцуга.

«Пры гэтым у нашых шыротах, адносіны чалавека да сабакі ўспрымаюцца, як адносіны гаспадара да раба. Калі гаспадар галоўны і знаходзіцца зверху. Ён папіхае, можа штурхаць, падганяць. Яму як бы ўсё роўна, што адчувае сабака», – дадае Марына.

Таму, хутчэй за ўсё, тыя, хто супаставіў гэтыя дзве карціны ў галаве пасля ўбачанага, вырашыў, што, мабыць, вось гэты мужчына цяпер вядзе сапраўды сваё дзіцё, як сабаку, на павадку. Таму людзі сталі хэйціць такія паводзіны і казаць, што так нельга рабіць з дзецьмі.

Спецыялістка раіць не дабудоўваць рэальнасць і не намагацца дадумаць сітуацыю. Лепш запытацца ў таго бацькі, чаму так адбываецца, ці што на самой справе адбываецца. Марына ўпэўненая, што тады мы б атрымалі адказ, які развеяў усе сумненні.

«Трэба ведаць, што існуюць дарослыя і дзеці з рознымі захворваннямі, адхіленнямі, нейранетыповыя дзеці, з СДУГ (сіндром дэфіцыта ўвагі і гіперактыўнасці), з аўтызмам і іншымі нейраадрозненнямі, праз якія такія дзеці могуць часта паводзіцца небяспечна для сябе і для людзей навокал», – тлумачыць Марына.

«У нас быў такі выпадак у лагеры. Быў хлопчык, які збягаў ад важатых, прычым збягаў у бок дарогі, было вельмі складана працаваць у такіх умовах. Было страшна за яго жыццё. Дзеці з нейраадрозненнямі могуць весці сябе па-рознаму, і таму такая стужка дапамагае рабіць працэс прагулкі бяспечным – і для дзіцяці, і для бацькоў, і для людзей навокал», – дадае псіхолаг.

Яна прапануе паглядзець на гэта не як на кіраванне дзіцём, а як на спосаб засцерагчы дзіцё і зрабіць так, каб ён не згубіўся і не трапіў пад машыну, каб не змог сабе нашкодзіць. Калі такім чынам мы патлумачым гэта свайму мозгу, мы зразумеем, што гэта не вычварэнец, а файны бацька, які клапоціцца пра бяспеку свайго дзіцяці і ўсё нармальна.

«На жаль, бываюць гісторыі, калі такіх дзяцей проста зачыняюць у інтэрнатах, ці трымаюць дома. А тут, наадварот, добра, што бацькі знайшлі спосаб бяспечна гуляць з дзіцём у парку, інтэграваць яго ў грамадства, а грамадства – інтэграваць у жыццё гэтага дзіцяці», – падкрэслівае экспертка.

Лічым, што гэта добрая парада – падысці і запытацца, калі вы ўбачылі штосьці незвычайнае, чым фатаграфаваць кагосьці цішком і выказваць здагадкі.


Читайте также:

Новое на сайте: