Skip to main content
17.07.2024

Людзі амаль тры дні жывуць у татальным блэкаўце без святла, вады і мабільнай сувязі і знаходзяць у гэтым шмат плюсаў. «Моцныя Навіны» пагутарылі з жыхарамі Мазыра пасля навальніцы на выходных

Увечары 14 ліпеня Гомельскую вобласць накрыў неймаверны навальнічны фронт. Навальніца аказалася настолькі разбуральнай, што больш за тысячу населеных пунктаў засталіся без святла. У рэгіёне аб’явілі рэжым надзвычайнай сітуацыі. У Мазыры, адным з самых пацярпелых вялікіх гарадоў, вада пачала з’яўляцца толькі позна ўвечары ў панядзелак, а святло – бліжэй да вечара аўторка. Можаце ўявіць, як жывецца ў сучасным горадзе на больш за 100 тысяч жыхароў без святла і вады? Вось і нам гэта цяжка, таму «Моцныя Навіны» распыталі некалькіх гараджан пра самыя бытавыя рэчы – як мыцца без вады, зарадзіць тэлефоны без электрычнасці і знайсці інтэрнет без сувязі.

Кацярына: «Замест душа – мокры ручнік, а замест змыва ва ўнітазе – вада з размарожанага халадзільніка»

Надыходу навальніцы Кацярына спачатку абрадавалася: адчыніла ўсе вокны ў кватэры, каб праветрыць, бо за дзень да гэтага 13 ліпеня была пякельная спёка – да +37 градусаў. У пакоях было невыносна горача. Але вельмі хутка прышлося зачыніць усе форткі, якія пачалі шалёна хлопаць праз вецер, і назіраць за бурай праз вокны.

«Я жыву ў той частцы горада, дзе дрэвы не ляталі, але катаўся па зямлі пластыкавы аўтобусны прыпынак. І зляцела шыльда з адной крамы. Пасля дажджу мы пайшлі гуляць на вуліцы, было прыемна і свежа. Мы фоткалі вырваныя з зямлі дрэвы, іх было вельмі шмат. З гэтыя два дні прыбралі толькі тыя, што ляжалі на дарогах. Астатнія пакуль проста ляжыць, бо ўвогуле не да іх», – дзеліцца Кацярына.

Дзяўчына прызнаецца, што ўвечары нядзелі яна не асабліва перажывала праз адсутнасць святла і зарад у тэлефоне асабліва не эканоміла. Здавалася, што святло хутка вернуць. Але калі на раніцу панядзелка электрычнасці ўсё яшчэ не было, а батарэя разрадзілася да 10%, у Кацярыны пачалася паніка.

«Вельмі баялася, што застануся без сувязі і, каб справіцца з трывогай, выйшла на вуліцу. Я разумела, што калі ў мяне сядзе тэлефон, я не змагу даведацца, дзе раздаюць ваду, дзе працуюць крамы. На вуліцы я сустрэла свайго знаёмага на машыне і, хаця ён спяшаўся, удалося крыху падзарадзіцца. Мне стала крыху спакайней. За гэтыя дні ясна дайшло асэнсаванне, што без мабільнай сувязі мы ніхто, без гэтага вельмі цяжка», – расказвае мазыранка.

Па яе словах, спачатку мозг проста адмаўляўся верыць у тое, што трэба эканоміць зарад на мабільніку. Пасля дзяўчына адключала вайфай і праграмы, якія маглі марнаваць зарад у смартфоне і, калі была зусім дрэнная сувязь, увогуле выключала тэлефон. Бо калі тэлефон шукае сетку, ён вельмі хутка разраджаецца, а сувязь была вельмі дрэнная. Таксама суразмоўца ставіла экран на мінімум яркасці, то бок адаптавала тэлефон пад новыя рэаліі жыцця.

Удзень у панядзелак Кацярына пайшла да «Белтэлекама». Там ёсць моцны генератар, а ва ўстанове дазвалялі ўсім жадаючым зараджацца.

«Там я сустрэла шмат знаёмых. Гэта было хоць і сумнае, але месца тусоўкі. Я прыйшла са сваім падаўжальнікам на дзве разеткі, мне пашанцавала адразу ўтыркнуцца ў разетку і паставіць на зарадку тэлефон і паўэрбанк. Людзі прыходзілі са сваімі сеткавымі фільтрамі і ланцужком адзін да аднаго падключаліся. У нейкі момант адтуль выгналі дзяцей і паставілі таблічку, што людзям да 18 гадоў не дазваляецца там зараджаць тэлефоны – застукалі дзяцей, якія сядзелі з падключанымі тэлефонамі і там жа гулялі ў гульні на смартфонах», – тлумачыць дзяўчына.

Кацярына жыве ў шматпавярховым доме на самым высокім паверсе і прызнаецца, што ёй крыху не пашанцавала праз гэта. Ваду пачалі даваць з позняга вечара панядзелка, і да абеда аўторка да яе кватэры яна яшчэ не дайшла. Але пакуль адсутнічала водазабеспячэнне, яна прыдумала пару лайфхакаў, каб перацярпець часовыя цяжкасці.

Напрыклад, каб эканоміць ваду, макала ў яе ручнік і абціралася. Для мыцця посуду карысталіся вадой, якую сабралі ў кантэйнеры з-пад торцікаў, што засталіся пасля дня нараджэння. А вадой, якая нацякла ад выключанага халадзільніка карысталіся для змыва ў туалеце. Умывалася спачатку проста міцэляркай, а пасля пачала ўмывацца мінералкай. Кацярына кажа, што догляд за скурай твару з дапамогай мінералкі ёй нават спадабаўся.

У чэргах за вадой, якія падвозілі цыстэрны машыны МНС, прыходзілася стаяць ад паўгадзіны да паўтара гадзіны. Але дужа выручалі жыхары з раёнаў з прыватнай забудовай.

«У нас ёсць таўнхаўсы ў адным з вялікіх мікрараёнаў, дзе ў людзей ёсць свае свідравіны. Абсалютна бясплатна там налівалі ўсім жадаючым ваду са шланга, за што ім вялікі дзякуй. Яны дапамагалі разгружаць гэтыя вялікія чэргі», – падкрэслівае Кацярына.

Калі пачалі прывозіць генератары ў некаторыя магазіны, здавалася, што будзе нейкі натоўп і хапун, але ўсё было больш-менш спакойна. У нейкіх крамах можна было нават расплаціцца карткай. У іншых запісвалі ўсё ў сшытак, як у савецкія часы.

На пытанне, чым дзяўчына займалася па вечарах без святла, яна адказала проста: спала.

«У панядзелак увечары я проста павалілася без задніх ног і заснула, бо паспела нацягацца з гэтымі бутэлькамі і стаміцца. Мая маці пры свечках чытала кнігу», – расказвае суразмоўца.

Мазыранка адзначае, што жыццё змянілася, і яна нават расплакалася ў чаканні вады, але агулам усе эмоцыі выключыліся.

«Я магла б злавацца, але на што? Так, стала зразумела, што трэба больш генератараў на такія выпадкі. А асаблівыя малайцы зараз энергетыкі і водаканальшчыкі, што разбіраюцца з усімі гэтымі наступствамі і працуюць проста дні і ночы, каб мы не пакутавалі. Так, мы пакутуем без вады ў такую спёку. Але трымаемся. Людзі сталі больш стасавацца. Пад кожным пад’ездам так утульненька сядзелі на лавачках, асабліва тыя, хто пасталей, вялі нейкія задушэўныя размовы, нават хацелася да іх далучыцца», – пазітыўна падсумоўвае Кацярына.

Аляксандр: «Людзі, як зомбі, хадзілі з вёдрамі туды-сюды»

Аляксандр разам з жонкай і дачкой жыве ў шматпавярховым доме каля мазырскага Кургана славы. Гэта адно з самых высокіх месцаў у горадзе, пры чым кватэра на дзесятым паверсе. Таму ваду сям’я атрымала адной з апошніх – увечары ў аўторак.

«Мы жывем каля прыватнага сектара, які раней быў вёскай Бабры, па факце гэта самы цэнтр горада. Тут ёсць калонкі, але да 21:00 у нядзелю там ужо быў вельмі слабы напор. Сюды прыязджалі людзі з усяго Мазыра, каб набраць вады. Але, каб набраць 5 літраў, прыходзілася чакаць у чэргах па гадзіне. Вада цякла слаба: адзін 5-літровік напаўняўся за 7 хвілін.

Я пагрукаўся ў некалькі дамоў побач, і ў адным з іх была вялікая бочка кшталту збору вады для летняга душа (дажджавая вада з даха). Нам далі вядро гэтай вады, каб можна было хаця б чым змываць у туалеце ці ногі памыць перад сном», – дзеліцца мужчына.

Ён адзначае, што спачатку ў нядзелю была нейкая мітусня, калі ўжо знікла сувязь. Людзі выходзілі з дамоў, пыталіся адзін у аднаго, дзе набраць вады, у якім раёне хто дзе браў, дзе ёсць крынічкі. У панядзелак гарадскія ўлады ўжо пачалі арганізоўваць падвоз вады. Прыехалі ваенныя, пажарныя машыны, камунальшчыкі, але на думку мазыраніна ўсё гэта было хаатычна, кропак было мала. Яму, напрыклад, трэба было прайсці пешшу кіламетр, каб дайсці да такога месца, узяць умоўна два вядра вады і ісці назад, а пасля падымацца на 10 паверх. Пагадзіцеся, дастаткова цяжка.

«90% магазінаў не працавалі. У чатах пісалі, што нейкі прыватны магазінчык дзесьці ў прыгарадзе нешта аддае за наяўныя грошы. Увечары сталі адчыняцца невялікія магазіны і за гатоўку прадавалі толькі рэчы першай неабходнасці. Прычым людзей не пускалі ўнутр, усе стаялі на вуліцы і чакалі, а ім з магазіна за гатоўку аддавалі ваду, напрыклад», – расказвае Аляксандр.

Мужчына адзначыў і прыемны прыклад салідарнасці беларусаў. К вечару панядзелка ў горадзе з’явіліся валанцёры, якія са свідравін з дапамогай нейкіх сваіх генератараў набіралі ваду і пісалі ў чаты адрасы, куды можна прыехаць за вадой або пад’язджалі да кропак, дзе ўжо стаялі ваенныя машыны з вадой.

У катэджным пасёлку Нараўчызна людзі проста выстаўлялі ўздоўж дарогі тару з вадой, якую маглі дастаць у сваіх дамах. Можна было пад’ехаць і забраць.

«Таксама ваду набіралі з Баброўскага возера для тэхнічных мэтаў. Гэта ў цэнтры горада. З вышыні выглядала цікава, як людзі, як зомбі, ходзяць з вёдрамі туды-сюды, хтосьці на роварах з нейкімі тарамі і баклажкамі. Выглядала незвычайна», – дзеліцца ўражаннямі мазыранін.

Крыху лягчэй стала, калі ў панядзелак увечары ў адным з дамоў у прыватным сектары людзі ўключылі генератар і ўсім бясплатна пачалі раздаваць ваду. Гэта было ўжо нашмат бліжэй, метраў 50 ад дома Аляксандра. Дзякуючы гэтаму, яго сям’я змагла набраць дастаткова вады, каб памыць посуд, прыгатаваць ежу і нават крыху памыцца.

Але да ўсіх гэтых цяжкасцяў Аляксандр ставіцца філасофскі. Калі мужчына патэлефанаваў у садок у панядзелак, там папрасілі дзіцё па магчымасці пакінуць дома, а лепш прыйсці самому з бензапілой, бо ўсё заваліла дрэвамі. У выніку сям’я шмат часу прабавіла разам – каталіся на роварах, гуляліся на пляцоўцы ў двары. Шмат стасаваліся з суседзямі. Хтосьці смажыў шашлыкі ў полі недалёка ад дома, там сабраліся ўсе разам, весяліліся, выпівалі – выдатна правялі час і сплаціліся. А яшчэ ў горадзе без ліхтароў увечары можна было назіраць Млечны шлях.

З гаджэтамі ў Аляксандра праблем амаль не было. Дзякуючы таму, што сям’я жыве даволі высока, нейкі сігнал усё ж быў. Нават была магчымасць пасядзець у сацсетках. Тэлефоны зараджалі ў машыне.

Цікавы момант заўважыў не толькі Аляксандр, але і іншыя мазыране датычна дарожнай абстаноўкі ў горадзе.

«Толькі бліжэй да вечара панядзелка ў нас на скрыжаваннях сталі працаваць рэгуліроўшчыкі. І пакуль не было святлафораў і рэгуліроўшчыкаў, людзі вельмі ўзаемпаважліва ставіліся адзін да аднаго на дарогах. Я дастаткова актыўна сачыў за сітуацыяй у гарадскіх чатах і не бачыў інфармацыі пра аварыі. Заўважыў вельмі шмат людзей на роварах. І ў нашай сям’і таксама ва ўсіх ёсць ровары. Я аддаваў перавагу педалям калі трэба было ехаць на нейкія недалёкія адлегласці, бо нікуды не спяшаешся, і можна спакойна, з кайфам сумясціць прагулку на ровары і паехаць разведаць, як там справы з чэргамі ў бліжэйшым пункце выдачы вады, пасля з’ездзіць у іншае месца і параўнаць, дзе менш народу. А вось у маіх знаёмых Tesla – ім прыйшлося адправіцца ў Жыткавічы ці ў Парычы, праехаць дзесьці 80 кіламетраў, каб зарадзіць машыну», – распавядае мазыранін.

Сяргей: «Горад без святла ўвечары – гэта было афігенна, а яшчэ незнаёмыя людзі сталі часцей проста так вітацца адзін з адным, як у вёсках»

Сяргей увечары пасля непагадзі паехаў у вёску на шашлыкі, а ўначы адразу лёг спаць. Раніцай адправіліся з сям’ёй на разведку па горадзе, каб паглядзець на разбурэнні, знайсці мабільную сувязь і сказаць сваякам, што з імі ўсё добра. Сувязь удалося знайсці толькі каля цэнтральнай бальніцы. Там даведаліся, што ўсіх хворых, якія могуць хадзіць, выпісалі дадому.

«Абышлі ўвесь горад, бачылі што ўсе крамы зачыненыя, а людзі спекулююць вадой – нехта прывёз бутэлькі і прадаваў 5 літраў за 6 рублёў. Потым ужо падвезлі бочкі з-пад квасу з вадой у ключавыя кропкі», – расказвае мужчына.

Па словах Сяргея, справаў у яго ў гэты час хапала: было не да гаджэтаў. Відэа і фота ён амаль не рабіў, бо трэба было эканоміць зарад. Больш непакоіла, як блэкаўт перажыве халадзільнік. Адтуль ратавалі ўсё, што хутка псуецца – проста «нажыраліся».

У яго доме ідзе рамонт, таму ўсе сілы былі накіраваны туды. Шмат часу сыходзіла на пошукі вады. Мыцца хадзілі на рэчку.

«Увогуле мы шмат хадзілі і шмат займаліся хатнімі фізічнымі справамі, дзе не патрэбны інтэрнет. А яшчэ можна пайсці на пляж, хто жадае, і проста валяцца там днямі. З ежы шмат прадаюць свежай садавіны і гародніны, таму калі ў халадзільніку ўсё згніе, ніхто не памрэ», – адзначае Сяргей.

Асобныя ўражанні пакінуў горад без святла ўвечары.

«Горад без святла – гэта было афігенна. Праехалі ўвесь горад, адзіная крыніца святла – толькі адзін аўтобус, а ў вокнах кватэр нават не бачылі святла ад свечак. Хутчэй за ўсё, ўсе жыхары проста ляглі спаць крыху раней. І машын на вуліцах амаль не было таксама», – падзяліўся ўражаннямі мазыранін.

Святлана: «Інтэрнэт можна было лавіць на дзевятым паверсе пад дахам»

Святлану з дачкой бура застала дома. Яны, як і іншыя мазыране, спачатку не чакалі, што праблемы з водазабеспячэннем і элекраэнергіяй зацягнуцца. Спачатку проста пайшлі спаць, позна ўвечары прагуляліся па раёне і зрабілі фота.

«Набіраць ваду спачатку не думала, толькі ноччу сусед расказаў, што ля крамы “На ростанях” машына раздае ваду. Чаргі амаль не было, мы вёдрамі настаскалі маленькую ванначку і слоікі», – расказвае жанчына.

Яна зарадзіла тэлефон ад паўэрбанка, каб асвятляць ліхтарыкам сабе шлях, і да трох гадзін ночы насілі ваду.

Раніцай у панядзелак да працы Святлана паехала праведаць цётку, у якой хата ў цэнтры горада. Па дарозе ў аўтобусе моцна ўразілі зломленыя дрэвы па ўсім горадзе. На агародзе ў цёткі з карэннем вырвала яблыньку, грушу. Яшчэ адну яблыню, арэшыну і тры ліпкі паламала.

Тэлефон жанчына зараджала на «Белтэлекаме», а вось яе дачка з сябрам, які вучыцца на электрыка, знайшлі «бесперабойнік», і зараджаліся ад яго.

«Інтэрнэт можна было лавіць на дзевятым паверсе пад дахам. У дачкі 19 ліпеня дзень нараджэння і яна нават змагла заказаць сабе рознага на “Вайлдберысе” для святкавання. Банкаматы працавалі ў дзвюх месцах у горадзе. Я змагла зняць грошы і схадзіць у краму», – кажа Святлана.

Мазыранка звярнула ўвагу на тое, што людзі вакол яе актыўна дапамагалі адзін аднаму. На працы сын кліенткі прывёз вады з лецішча, а Святлана адвезла яе сваёй іншай кліентцы, якая ўжо пажылая. Падзялілася з цёткай таксама. Жыхары ў чэргах за вадой казалі «Добра, што мы жывы», адзін аднаго падбадзёрвалі, і нават было радасна, што праз абставіны павыходзілі на вуліцу са сваіх дамоў.

Аказалася, што ўсе цяжкасці вырашальныя, а ў самой сітуацыі нашыя суразмоўцы адзначылі шмат плюсаў. Вельмі цешыць, што мазыране не падаюць духам. Спадзяемся, у бліжэйшы час горад цалкам вернецца да звыклага ладу жыцця.


Читайте также:

Новое на сайте: