Skip to main content
29.08.2024

Расказваем пра пяць надзвычай рэдкіх птушак, якіх вы можаце сустрэць на Гомельшчыне

Не так даўно «Моцныя Навіны» пазнаёмілі вас з унікальнымі насякомымі, многіх з якіх можна ўбачыць выключна ў Гомельскай вобласці. Сёння з дапамогай арнітолага са станцыі кальцавання птушак «Тураў» Паўла Пінчука, мы раскажам вам пра птушак, але разглядаць будзем больш шырокі арэал – беларускае Палессе, частка якога распрасціраецца, у тым ліку і на паўднёвы ўсход нашай краіны. Усе віды, пра якія пойдзе гаворка, унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Белая сініца

Гэта сапраўдная зорка беларускага Палесся. Паспрабуйце ўявіць сабе: толькі каб яе ўбачыць, у Беларусь прыязджаюць бёрдвотчары з іншых краін. Белая сініца атрымала званне «Птушка года» ў 2022-м. Красуня мае прыгожае бела-блакітнае пер’е, падведзеныя чорным вочкі і вельмі мініяцюрныя памеры – даўжыня ўсяго 13,5 сантыметра, менш за вераб’я.

Яна жыве ў пойме Прыпяці і яе прытоках – цэнтральным Палессі. Больш нідзе ў Беларусі гэтую сінічку не сустрэнеш. Спецыялісты, якія вывучаюць белых сініц, кажуць, што часцей за ўсё яны сустракаюцца вакол Турава.

Кулік-марадунка

Кулік-марадунка – неафіцыйны сімвал заказніка «Тураўскі луг». У Тураве яму нават паставілі помнік. Тут знаходзілася найбуйнейшае ў Беларусі стабільнае паселішча гэтай рэдкай для нашых шырот птушкі. Пасля 2015 года колькасць куліка-марадункі пачала скарачацца, а пасля вельмі сухіх 2019 і 2020 гадоў без вясенняй паводкі від практычна знік. Прычына – перанос тэрмінаў адкрыцця рыбалкі з маторам з 1 чэрвеня на сярэдзіну мая, што стала фактарам трывогі птушак. Бліжэйшыя месцы гнездавання гэтага паўночнага віду кулікоў знаходзяцца ажно ў расійскай тундры.


Пад Туравам у 2016 годзе арнітолагі выявілі самага старога ў свеце куліка-марадунку. Птушка патрапіла ў адну з пастак на станцыі кальцавання, і аказалася, што яе акальцавалі яшчэ птушаняткам 17 гадоў таму. Яна паспела налятаць за гэты час каля 200 тысяч кіламетраў.

Зуёк вялікі

Гэтая цікавая птушка таксама звязаная з Туравам. Яе гнёзды ўпершыню ў наваколлі горада выявілі ў 1973 годзе. Зуёк вялікі насамрэч невялікіх памераў – крыху больш за вераб’я. Жыве ён на пясчаных берагах рэк і азёр, а гняздо ў зуйка выглядае як ямка ў пяску, абкладзеная каменьчыкамі і ракавінкамі. Таксама незвычайны факт пра гэты від: як і яго сваяк малы зуек, ён спрабуе адвесці няпрошаных гасцей ад гнязда, прыкідваючыся параненым.

У Беларусі птушка сустракаецца галоўным чынам уздоўж рэчышча Прыпяці і некаторых яе прытокаў (ракі Гарынь, Сцвіга).

Качка-шылахвостка

Сваю назву птушка атрымала за доўгі шылападобны хвост у дарослых самцоў. Гэта адна з найбольш яркіх па знешнасці і найбольш запамінальных качак. Самец у шлюбным уборы мае цікавае кантраснае апярэнне.

Птушка пашырана ў паўночнай і цэнтральнай Еўропе, а для нашай краіны гэта рэдкі пералётны, транзітна мігруючы і ў невялікай колькасці зімуючы від. Яго можна сустрэць па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але рэгулярна гняздуецца качка-шылахвостка толькі ў двух месцах – у наваколлях Турава і ў вусці ракі Сцвіга у Жыткавіцкім раёне.

Шыладзюбка

Гэтая надзвычай рэдкая для нашых мясцін птушка таксама прыглядзела сабе жылплошчу каля Турава. Упершыню шыладзюбка паспрабавала загнездавацца каля вёскі Пакалюбічы, зусім каля Гомеля, але няўдала. А ў Тураве ўдалося вывесці птушанят. Звычайна яны гняздуюцца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора і закінутых кар’ерах Львоўскай вобласці.

Шыладзюбка мае адметную дзюбу, якая можа захапіць нават самага маленькага гнюса – тую самую мошку, ад якой пакутуе ўвесь рэгіён па вясне. Цікава, што птушаняты могуць самастойна дабываць сабе харчаванне ўжо праз пару гадзін пасля нараджэння.

А яшчэ гэтая птушка – сімвал найбуйнейшай у Еўропе прыродаахоўнай арганізацыі – Каралеўскага таварыства абароны птушак.

Вось такая падборка ў нас атрымалася. Спадзяемся, цяпер вы ведаеце пра сваю радзіму крышачку болей цікавага і можаце ганарыцца тым, што менавіта на Палессі ёсць магчымасць убачыць такія рэдкія віды.


Читайте также:

Новое на сайте: