Skip to main content
27.11.2024

Кідаюць нажы, працуюць кур’ерамі ў дастаўцы піццы і становяцца актрысамі. Даведаліся, чым займаюцца самыя актыўныя гамяльчанкі на пенсіі

Калі вы раптам думалі, што жыццё на пенсіі – гэта сумна, то раім вам пазнаёміцца з нашымі сённяшнімі гераінямі 60+. Такой колькасці самых разнастайных заняткаў і цікавасцяў можна пазайдросціць. А жыццёвая энергія, якая б’е з гэтых жанчын фантанам, неймаверна натхняе нават праз экран. Пасля размовы з нашымі цудоўнымі гераінямі нявольна задумваешся: «Ваў! Я таксама хачу быць такой (ці такім) у старасці!».

Стала працаваць кур’ерам, каб не страціць навыкі кіравання машынай, і знайшла бойфрэнда на занятках па бальных танцах

Алене 66 гадоў, да пенсіі яна працавала інжынерам-канструктарам на радыёзаводзе ў аддзеле робататэхнікі, потым – у аддзеле маркетынгу. Пасля звальнення асвоіла прафесію менеджара па продажах. Жанчына прызнаецца, што працу сваю любіла і была нядрэнным спецыялістам.

Але гэта далёка не ўвесь спіс прафесій, у якіх паспрабавала сябе гамяльчанка. Алене было цікава паглядзець на жыццё з розных бакоў, таму яна паспела яшчэ папрацаваць на пасадзе адміністратара ў цырульні, куды трапіла па запрашэнні сяброўкі. І самае незвычайнае – пайшла на працу кур’ерам у дастаўку піцы.

«Кур’ерам стала, каб лепш пазнаць Гомель і не страціць навыкі кіравання аўтамабілем, паставілася да гэтага занятку, як да гульні», – тлумачыць свой выбар пенсіянерка.

Права яна атрымала ў 1979 годзе, на 3 курсе інстытута. Па словах жанчыны, кліенты ставіліся да яе вельмі лаяльна, часам, праўда цікавіліся, як у такім узросце яна трапіла на такую працу. Але пасля кароткай размовы разумелі, што такая бабуля сядзець дома не будзе ніколі. Чаявыя, прызнаецца, давалі, але няшмат.

Наша гераіня лічыць сябе па натуры даследчыкам. Ёй цікава жыць – у гэтым сакрэт яе неўміручай энергіі. Алена была такой актыўнай заўсёды. Займалася спартыўнай гімнастыкай, лыжным спортам, вандравала і хадзіла ў горы Вялікага Каўказа. Гуляла ў валейбол за школьную каманду. Цяпер ходзіць у паходы на байдарках, катаецца на горным ровары, каньках. А яшчэ спявае ў народным хоры ветэранаў працы і ваенных сіл і бярэ ўдзел у клубе аўтарскай песні.

Дзесяць гадоў таму жанчыне захацелася апгрэйдзіць свой дачны ўчастак. Да справы яна падышла грунтоўна – пайшла на курсы ландшафтнага дызайну, каб стварыць свой праект. Цяпер Алена мае міжнародны сертыфікат з правам працы і дасюль эксперыментуе на сваёй дачы.

«Пасля выхаду на пенсію я адкрыла для сябе ўсё хараство залатога ўзросту, калі дзеці ўжо выраслі, а энергія і прага да жыцця засталіся. Займалася развядзеннем шчанюкоў пароды бігль, пасябравала з калектывам гомельскіх аматараў зімовага плавання – з маржамі. Потым ужо занялася бальнымі танцамі ў калектыве “Серебряный век” пры ГЦК пад кіраўніцтвам Кузьмічовай Тамары Георгіеўны», – дзеліцца гамяльчанка.

Бальнымі танцамі яна пачала займацца вясной 2018 года. Алена заўсёды любіла танцаваць і ў яе нядрэнна гэта атрымлівалася. Спачатку хадзіла ў калектыў «Бабулькі», потым пазнаёмілася з турыстамі, якія і арганізавалі калектыў «Серебряный век». Там жа яна пазнаёмілася і са сваім, як кажа Алена, бойфрэндам.

«З партнёрам пазнаёмілася на адной з рэпетыцый і з тых часоў мы пара і ў танцах, і па жыцці. Яго завуць Аляксандр. Яму, як і мне, 66 гадоў. Ён таксама на пенсіі. Раней ён таксама захапляўся бальнымі танцамі, нават браў урокі ў прафесійных танцораў. І цяпер мы дапаўняем адзін аднаго, вучымся ў сябе і ў нашых калегаў. Мы прымалі ўдзел у адкрыцці Сожскага Карагода і сёлета, і два гады таму. Ездзілі з канцэртамі ў Косаўскі палац, Жылічы, Чырвоны Бераг, Крычаўскі палац, даём канцэрты і балі ў санаторыях і палацах культуры», – расказвае жанчына і прызнаецца, што можа гаварыць пра «Серебряный век» гадзінамі.

Раней страляла з пісталета Макарава, а зараз мае справу яшчэ і з нажамі

Ліліі 60 гадоў, яна скончыла ў 1988 годзе Разанскую вышэйшую школу МУС СССР. Жанчына служыла ў органах унутраных спраў, пайшла на пенсію ў 45 гадоў у званні маёр міліцыі з пасады старшага следчага Чыгуначнага раёна Гомеля і адразу ж стала працаваць юрыскансультантам. Каля адзінаццаці гадоў працавала ў ААТ «СП-Буд», даччынай кампаніі «Гомсельмаша».

Лілія сваю працу любіла, але ў красавіку 2024 года прыняла рашэнне сысці на пенсію. Спачатку некалькі месяцаў адсыпалася, гуляла ў парку і думала пра тое, што ж рабіць далей, бо дачкі ўжо дарослыя – ў кожнай свае сем’і. А нашая гераіня жыве адна, дачы ў яе няма.

«Я стала шукаць у інтэрнэт-рэсурсах, чым заняцца, як праводзіць час, каб прыносіць сабе радасць і задавальненне ад чагосьці новага, ад новых людзей, эмоцый і зразумела, што ў 60 жыццё не сканчаецца, пенсія зайграла новымі фарбамі і радасцю», – дзеліцца Лілія.

Спачатку яна наведвала ЦСОН Савецкага раёна, дзе пачала вучыцца танцаваць. Але гэтага ёй аказалася мала. Жанчына працягнула пошукі і ўбачыла ў інтэрнэце, што ў ДК «Фестывальны» ёсць студыя кідання нажоў.

«Падумала: у АУС страляла з пісталета Макарава, а з нажамі справы не мела, захацелася паспрабаваць. Як я была рада, як мяне гэта захапіла! Эмоцыі не магу перадаць, у душу вярнулася духоўнае задавальненне, радасць, пазнаёмілася з новымі добрымі людзьмі», – захоплена расказвае пенсіянерка.

Лілія пачала займацца кіданнем нажоў з верасня і пахвалілася, што ў яе ўжо атрымліваецца кідаць нажы з адлегласці 3 метраў. Тыдзень таму яна сама асвоіла кіданне за лязо з 4 метраў. Цяпер плануе вучыцца кідаць з 5 і 7 метраў, а таксама хуткаснаму кіданню нажа.

Гамяльчанка прызнаецца, што спачатку нават не казала дачкам і сяброўкам пра сваё экстрэмальнае хобі, бо баялася, што не ўхваляць. Але пасля аказалася, што блізкія хоць і здзівіліся такім цікавасцям, усё ж засталіся задаволенымі, што жанчына знайшла заняткі для душы і сэрца. І больш за тое – заўсёды цікавяцца яе поспехамі і радуюцца за яе.

«Без кідання нажоў я ўжо не ўяўляю свайго жыцця і мару прыняць удзел у спаборніцтвах. Але хачу адкрыць для сябе яшчэ нешта новае, дапусцім, стральбу з лука, навучыцца спяваць, паспрабаваць сябе мадэллю і многае іншае», – дадае Лілія і бяжыць рыхтавацца да заняткаў па танцах.

Сёння там вучаць элементы бачаты і танец пад песню «Генералы песчаных карьеров». Па словах гераіні, ні дождж, ні холад не могуць перашкодзіць ёй займацца любімымі заняткамі. Ну а нам застаецца толькі натхняцца такім імпэтам і прагай да жыцця.

Даведалася пра Новы мастацкі тэатр і аднавіла сваё «акторства» ў 75 гадоў

Найстарэйшай нашай суразмоўцы 75 гадоў, яе завуць Святланай. Да пенсіі яна працавала эканамістам на прамысловым прадпрыемстве, але творчасць вабіла жанчыну даўно. Яшчэ ў маладосці Святлана захапілася тэарам, грала ў спектаклях. А калі даведалася пра самадзейны Новы мастацкі тэатр, захацела аднавіць сваё «акторства». Паўнавартаснай актрысай жанчына пакуль не стала, але актыўна бярэ ўдзел у літаратурных і тэатральных праектах і акурат цяпер рыхтуецца да спектакля.

Тэатр – не адзінае захапленне Святланы. Пенсіянерка таксама ўдзельнічае ў трэнінгах па псіхалогіі, наведвае лекцыі па жывапісе, ходзіць на выставы і канцэрты, піша вершы і апавяданні. Яшчэ яна запісалася ў хор.

«Опернай спявачкай я не стану, але хацелася б спяваць у хоры, каб у мяне атрымалася», – кажа жанчына.

Па яе словах, блізкія радуюцца яе актыўнай дзейнасці. У планах на будучыню – працягваць займацца творчасцю. А калі муза «сядзе на плячо», будзе працягваць пісаць вершы.

На фота – Святлана ў ролі Бабы Ягі ў спектаклі «Про Федота Стрельца, удалого молодца» па п’есе Леаніда Філатава.

Спадзяемся, вы натхніліся гісторыямі гэтых цудоўных гомельскіх жанчын гэтаксама, як і мы. Ва ўсякім разе мы падкінулі вам парачку ідэй, як працягваць радавацца жыццю ў любым узросце.


Читайте также:

Новое на сайте: