«Я злавіла котку, калі яна ляцела на мяне з чацвёртага паверха» і яшчэ 9 незвычайных гісторый уратавання бяздомных жывёл
Нядаўна ў Гомелі ўратавалі кацяня, якое на два тыдні нейкім чынам апынулася на даху шматпавярховага дома. Адзін з ратавальнікаў забраў небараку да сябе і бяздомны гора-руфер атрымаў дом. «Моцныя Навіны» запыталіся ў сваіх чытачоў, а як іхнія хатнія гадаванцы з вуліцы аказаліся ў сям’і. Дзелімся з вамі самымі добрымі і незвычайнымі гісторыямі ратавання пухнацікаў!
Прыстроілі ў добрыя рукі, а праз паўгады знайшлі на Куфары
Анастасія: «Узялі мы яго яшчэ месячным шчанюком. Ужываліся выдатна, але праз нейкі час акалічнасці склаліся так, што нам прыйшлося аддаць сабаку ў добрыя рукі.
Праз паўгады вырашыліся завесці хаця б хамячка і ў пошуках залезлі на Куфар. Гортаючы аб’явы, я не паверыла сваім вачам – з тэлефона на мяне глядзеў наш сабака. Аказалася, што ён знаходзіцца ў прытулку, куды трапіў з адлову. Валанцёры з прытулку выратавалі шчанюка і, дзякуючы ім, мы аб’ядналіся з нашым шостым чальцом сям’і. Цяпер нас не разлучаць ніякія абставіны».
Цуд на Каляды
Ірына: «13 студзеня мы з татам пайшлі калядаваць і нашчадравалі котку. Нам яе бясплатна далі ў якасці падарунка. І вось ужо 12 гадоў котка жыве з намі».
Аматары аўтамабіляў
Таццяна: «25 чэрвеня мой муж садзіўся ў машыну на працы і пачуў мяўканне. Паўсюль паглядзеў, пад капот нават залез – нікога. Падумаў, што кот сышоў. Спыніўся на святлафоры і зноў пачуў “мяў-мяў“.
Прыехаў дадому, загнаў машыну на яму. Толькі там мы змаглі ўбачыць маленечкае кацянё, што праехала праз увесь горад на днішчы аўтамабіля!
Назвалі яго Ліам у гонар аднаго з удзельнікаў The Prodigy».
Таццяна: «Наш коцік праехаў не менш за 500 кіламетраў пад капотам! Чулі піск у машыне, некалькі разоў на трасе спыняліся шукаць – нічога не бачылі. А потым на раніцу, калі ўжо ехалі па горадзе, ізноў пачулі піск. Пашукалі яшчэ раз – і ён паказаўся. Качагарам назвалі, другі год з намі – палёт нармальны».
Котка звалілася з 4 паверха проста ў рукі
Юля: «Я сваю котку злавіла ў момант падзення з 4 паверха. Напэўна, сіганула з нядобрай сям’і.
Яна прыляцела мне акурат у рукі. Ляцела ўніз галавой, калі я яе спаймала. А сама зламала прамянёвую костку праз яе няўдалае падзенне. Яна тады была кацянём 6-8 месяцаў, спужалася. У мяне ад болю слёзы з вачэй, так удваіх са слязьмі і пайшлі дадому. Спаймала яе і больш не адпускала. 10 гадоў яна ўжо са мной».
Падарунак на Новы год
Аксана: «Гісторыя пра нашага коціка Журбея! Ён прыйшоў да нас сам, пад Новы год.
Небарака, галодны ляжаў ля пад’езда каля трох дзён. Пасля нехта запусціў коціка ўнутр і многія суседзі падкармлівалі, у тым ліку і мы.
Кожны раз, калі ішлі на працу, ён падыходзіў да нашых дзвярэй і мяўкаў. Неяк пасля працы ўвечары, я пусціла ката ў кватэру пагрэцца і муж прапанаваў пакінуць малечу, бо шкада яго.
Начоўка прайшла паспяхова – цярпеў да самай раніцы, каб пайсці ў туалет, бо латка ў нас не было. Выгулівалі як сабаку першыя 2 дні, потым набылі латок. Ён аказаўся разумным хлопчыкам, адразу пайшоў туды.
Ветэрынар сказаў, што яму каля 2-х гадоў. І нехта ж выкінуў яго на вуліцу… Я пісала аб’вы, можа згубіўся, але гаспадары не знайшліся і цяпер Журбей жыве з намі. І дарэчы, гэта мой першы кот. Вось такі навагодні падарунак».
Сляпая Дуня і збіты шчанюк
Таццяна: «У снежні будзе год, як я на запраўцы Лукойл па чарнігаўскай трасе вырашыла пакарміць маладую котачку. Убачыла, што ў яе праблемы з вачамі і вырашыла забраць. Лавілі яе ўсёй запраўкай. Былі і пацярпелыя – я і спецыялістка запраўкі.
Ну а мы з котачкай пачалі доўгі шлях лячэння і асвойвання. Першы час адаптавалася ў гаражы, дзе праходзіла двухтыднёвы курс уколаў, потым лячылі сэпсіс і толькі потым – аперацыя па выдаленні вачэй і стэрылізацыя.
Цяпер гэтая «дамачка» вельмі ўпэўнена сябе адчувае дома і за яго межамі – вельмі любіць шпацыры раніцай і ўвечары. Назвалі яе Сляпая Дуня Інвалідаўна.
А сёлета ў красавіку, калі вярталіся дадому, я ўбачыла на праезнай частцы «нешта». Гэтым «нешта» аказаўся збіты кімсьці шчанюк. На іншай частцы дарогі быў яшчэ адзін, ужо мёртвы.
Выжыўшай прыйшлося рабіць аперацыю і стэрылізацыю на ўсялякі выпадак.
Думалі, што атрымаецца прыстроіць, але не выйшла – ЛУна пакуль жыве з намі. Але надзея на тое, што яе хтосьці забярэ, яшчэ цепліцца. Добрая, паслухмяная, веееельмі гуллівая і вясёлая.
Дзякуй мужу і дзецям за падтрымку і дапамогу!»
Адбіла кацяня ад дваровай шпаны
Юлія: «Неяк летнім вечарам вярталася дадому і ўбачыла, як кампанія падлеткаў ганялася па двары за маленькім кацянём. І відавочна не з намерам прылашчыць. У небараку кідалі камяні, пластыкавыя бутэлькі і футбольны мяч.
Балбесаў я шуганула, і тыя разбегліся, а запужаны малы схаваўся недзе ў кустах. Ён доўга не выходзіў са сваёй схованкі, але потым усё ж асмялеў. Нягледзячы на стрэс, кацянё апынулася дужа ласкавым, адразу пачало церціся аб ногі. Вырашыла ўзяць да сябе на ператрымку.
Вызначылася, што ўратаванае кацянё – дзяўчынка. Яе памылі, накармілі і назвалі Мосяй. Да латка прывучылі хутка. Котка была дужа ласкавай, паўсюль бегала за мной, гучна мурчала. І праз нейкі час я задумалася, а ці варта яе ўвогуле камусьці аддаваць?
Кажуць, багатыя людзі ходзяць у брэндах, а шчаслівыя – у поўсці. І гэта праўда».
Пусціў пераночыць адну котку, атрымаў яшчэ чатыры
Арцём: «Вясной 2020 года, ў першую хвалю пандэміі, мяне перавялі на дыстанцыйку на працы і я паехаў да маці ў Рэчыцу, бо было нудна аднаму.
Аднойчы позна вяртаўся дадому ў выходныя, каля 3 гадзін ночы і да мяне прычапілася котка. Проста ішла за мной і крычала. Калі я звярнуў на яе ўвагу, котка запатрабавала, каб я пайшоў за ёю.
У выніку яна прывяла мяне да старога двухпавярховага дома, завяла ў пад’езд, паднялася на другі паверх і настойліва запатрабавала, каб упусціў у адну з кватэр. Па дзярах было бачна, што яна часта туды скрабецца.
Ну, я пазваніў некалькі разоў, але хто адчыніць даросламу барадатаму мужчыне а 3 ночы? Выбачаўся перад коткай, маўляў, не адчыняюць, і паўшоў сабе дадому.
Але жывёлка пайшла ўслед за мной, нешта мне назойліва даводзячы па дарозе. Я падумаў, што пушчу яе да сябе, а раніцай вярну гаспадарам.
Знайшоў маёй новай знаёмай нейкую старую цішотку, абазначыў месца за тахтой і заваліўся спаць. А калі раніцай зазірнуў за тахту, то крыху абалдзеў: котка нараджала другое кацянё.
Мы з маці прынялі роды. Усяго атрымалася яшчэ плюс чатыры новыя хвасты. Пасля ўладкавалі для новай сям’і гняздо ў скрыні, а матку накармілі. Я сфатаграфаваў котку, кацянят і пайшоў да гаспадароў даведвацца, што мне з гэтым дабром рабіць.
Дзверы мне адчыніла бабуля гадоў 80-ці, якая ледзь-ледзь хадзіла. Вызначалася, што котка належыць ёй, але што рабіць з прыплодам яна не ведае. Параіла патапіць. Але хіба ў мяне паднялася б рука? Сказаў бабулі, што котка пакуль будзе жыць у мяне.
У Рэчыцы прыйшлося пратырчаць ажно паўтары месяцы, каб вырасціць коцікаў і раздаць знаёмым і сваякам. Адна засталася жыць у маці. А котка-маці збегла да сваёй бабулі, калі дзеткі падраслі».
Стала шкада, што змерзне на вуліцы
Дзмітрый: «У кастрычніку 2017 года было ўжо холадна. Мяне пасля працы павінны былі падвезці дадому, але не атрымалася і я пайшоў на аўтобусны прыпынак.
Па дарозе заўважыў каля кустоў маленькае кацянё, якое спала побач з паперкай, дзе ляжала крыху ежы.
У мяне тады ўжо быў дарослы кот, які не прызнаваў іншых жывёл у доме. Таму я працягнуў ісці, але ўпэўнена развярнуўся праз некалькі метраў. Кацянё магло загінуць у холадзе.
Я баяўся, што коцік спужаецца і збяжыць. Асцярожна паклікаў яго, ён прачнуўся і ледзь чутна павітаўся. Даўся ў рукі. Я яго схаваў пад куртку, і той там, сагрэўшыся, адразу заснуў. Пасля прачнуўся, працягнуў да майго твара лапку і ў такой паставе зноў праваліўся ў сон. Цяпер гэта добры і разумны кацейка, бачна, што ён нам удзячны за ўратаванне, а мы яму – што ён з намі».
Падсумоўваючы, хочацца сказаць, што не кожны з нас можа ўзяць да сябе ў дом жывёлку з вуліцы, нават на ператрымку. Але хаця б пакарміць небаракаў сасіскай увосень – ужо добрая справа, каб дапамагчы ім пратрымацца. Таксама ўсім па сілах сабрацца разам усім пад’ездам ці калектывам на стэрылізацыю коткі ці сабакі, што часта пладзяцца побач.
Не заставайцеся абыякавымі да жывёлаў, якія згубілі свой дом праз безадказнасць іншых людзей!