Летнія фэсты-2026 у Беларусі. Дзелімся падборкай самых яскравых імпрэз, каб запомніць гэтае лета
Чэрвень ужо пераваліў за палову. «Моцныя Навіны» сабралі для нашых чытачоў усе цікавыя фестывалі з самых розных куткоў краіны ў адной падборцы, каб у вас быў шанец не застацца ў канцы лета з пачуццём, што вы ўсё прапусцілі. Спадзяемся, вы зможаце завітаць хаця б на адзін з іх. Тым больш, што ў нашым спісе ёсць варыянты з бясплатным уваходам.
Чэрвень
У канцы гэтага месяца ладзяцца вельмі цікавыя імпрэзы на любы густ. Ёсць годныя варыянты і на тэрыторыі Гомельшчыны.
Ноч барсукоў

Калі: 20-21 чэрвеня
Дзе: Гомельская вобласць, Нацыянальны парк «Прыпяцкі», турыстычная база «Хлупінская Буда»
Колькі: 170 рублёў для дзяцей з 6 да 16 гадоў у складзе сям’і і 190 рублёў для дарослых
20-21 чэрвеня ў нацпарку «Прыпяцкі» пройдзе незвычайны камерны экалагічны фестываль «Ноч барсукоў». Прысвечаны ён, як можна здагадацца, барсуку.
Фэст ладзіцца ў турбазе «Хлупінская Буда» пасярод леса – гэта адно з самых дзікіх месцаў нацыянальнага парку.
Удзельнікаў будуць збіраць у Тураве (ёсць варыянт забраць з Ляскавічаў ці Жыткавічаў) і прывязуць у нацпарк. Далей для гасцей запланаваныя: дзікая Stand Up лекцыя пра жыццё барсукоў, квэст, вячэрняя і начная экскурсіі па лесе цягам 1,5-2 гадзін, вогнішча з пікніком, начное падарожжа ў занядбаную вёску, конкурсы і майстар-класы.
У вячэрні час магчыма можна будзе сустрэць соў і пачуць ваўкоў. Раніцай таксама запланаваная экскурсія па экасцежцы «Хлупінская Буда». Для ўсіх ахвочых таксама будуць дасяжныя лазня, більярд і пракат ровараў.
У кошт уваходзіць пражыванне, харчаванне і трансфер.
Vulitsa Ezha

Калі: 20-21 чэрвеня
Дзе: Мінск, Батанічны сад
Колькі: 15 рублёў для дзяцей з 12 да 18 гадоў і пенсіянераў, 30 рублёў для дарослых.
Vulitsa Ezha – гэта гастранамічны фестываль у Мінску на свежым паветры. У чэрвені ладзіцца першы ў сезоне гарадскі пікнік, наступныя будуць паўтарацца ў жніўні, верасні і нават снежні. Таксама сёлета запланаваны падобны фэст у Гродна.
Імпрэза ўяўляе сабой нешта кшталту гіганцкага фуд-корту на тэрыторыі Батанічнага сада з рознымі інтэрактыўнымі пляцоўкамі. Сёлета на фэсце будзе дзве сцэны. На галоўнай пройдзе традыцыйны музычны «Туц Туц Квіз», а пасля выступяць артысты. Асобна будзе прадстаўлена андэрграўндная платформа Modul з электроннай музыкай.
Акрамя гэтага плануецца маркет мясцовых майстроў, кулінарная школа, мастацкія майстар-класы і кінатэатр пад адкрытым небам.
Кошт квіткоў у дзень правядзення фестываля будзе даражэйшы.
Sviata Fest (Kupalle)

Калі: 27 чэрвеня
Дзе: Мінск, культурная прастора «ЭХО»
Колькі: ад 55 рублёў для дарослых, для дзяцей да 12 гадоў – бясплатна
Sviata Fest (Kupalle) – маштабны гарадскі фестываль беларускай культуры і музыкі, які пройдзе ў культурнай прасторы «ЭХО» ў Мінску цягам 12 гадзін – з 12:00 да 23:59.
Гэтае свята адметнае тым, што на сцэне фэста будуць выступаць шмат беларускіх сучасных выканаўцаў. Сярод удзельнікаў: Лайтовы бізнес, Барысаўскі Тракт, nevika, brama mora, aniahož, bayski, postoyanno, plyn, спеўная майстэрня і іншыя.
Акрамя канцэртнай праграмы ўдзельнікаў чакае лекторый – выступы даследчыкаў і этнографаў і кірмаш рамёстваў. Арганізатары падкрэсліваюць, што фэст цалкам dog-friendly, таму туды можна прыходзіць са сваімі хатнімі гадаванцамі.
Ліпень
У другім летнім месяцы акрамя Славянскага базара знайшліся даволі незвычайныя фестывалі. Калі вы, напрыклад, не паспееце адсвяткаваць Купалле ў чэрвені, то ў ліпені ёсць яшчэ такая магчымасць.
Купалле на «Запаведным востраве»-2026

Калі: 4 ліпеня
Дзе: Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, вёска Шо, аграсядзіба «Запаведны востраў»
Колькі: 50 рублёў для дарослых, дзецям да 16 гадоў – бясплатна.
Свята ладзіцца ў маляўнічым месцы на беразе возера каля леса. Напэўна, гэта самы аўтэнтычны спосаб адсвяткаваць Купалле ў Беларусі. Тут гасцей заклікаюць быць актыўнымі ўдзельнікамі – апрануць традыцыйныя строі і ўсё рабіць разам.
Хлопцы займаюцца падрыхтоўкай вогнішча, усталяваннем слупа з колам, нарыхтоўкай дроў, дзяўчаты падрыхтоўваюць пляцоўку для свята, збіраюць зелкі на ўпрыгожванне слупа і кола, плятуць вянкі.
Паралельна ладзяцца майстар-класы па традыцыйных спевах, прыгатаванні клінковага сыру і кулагі. Увечары сустракаюць Купалку, запальваюць вялізнае вогнішча, водзяць карагоды, спяваюць, гуляюць у гульні. Імпрэза доўжыцца ўсю ноч, а раніцай сустракаюць світанак і пускаюць вянкі.
На ноч можна ўладкавацца ў намёце за дадатковую плату. Ёсць магчымасць замовіць трохразовае харчаванне за 80 рублёў. Таксама на свяце будзе працаваць кірмаш і кафэ.
На аграсядзібе абмежаваная колькасць месцаў, таму для ўдзелу трэба абавязкова зарэгістравацца загадзя.
Фестываль «Купалле-2026» для спартсменаў-экстрэмалаў

Калі: 11-12 ліпеня
Дзе: Смалявіцкі раён, натурная пляцоўка «Беларусьфільма» (у народзе – «Смолевуд») каля вёскі Каменка (45 кіламетраў ад Мінска)
Колькі: ад 40 да 230 рублёў у залежнасці ад узросту і фармата ўдзелу
Федэрацыя прыгодніцкіх гонак ладзіць незвычайныя спартыўныя спаборніцтвы для аматараў спорта і экстрыма.
Старты прысвяцілі святу Купалле, таму ўсе дыстанцыі ахутаныя атмасферай беларускіх легенд і праходзяць і па балотах, і па лясах, і па палях і па пясчаных узвышшах. На спаборніцтвы запрашаюцца бегуны і раварысты, дзеці і дарослыя. Старты будуць і дзённыя, і начныя, і шматдзённыя.
Спартсменам прапануюць выбраць, да каго з міфічных «нячысцікаў» яны адправяцца ў госці. Для начных велагонак падрыхтаваны дыстанцыі «Цёмны Бадзюля» каля 25 кіламетраў і «Дзве Бадзюлі» ў два кругі прыкладна на 50 кіламетраў. Начныя трэйлы прадстаўлены дыстанцыяй «Аржавень» на 15 кіламетраў і больш кароткай раўніннай дыстанцыяй «Начны Блуд» на 7 кіламетраў.
Для дзённых стартаў даступны дзіцячы трэйл «Хохлік» на 1 кіламетр, узгорысты «Горны Блуд» каля 7 кіламетраў, балотны «Багнік» на 25 кіламетраў, а таксама дзённая велагонка «Светлы Бадзюля» даўжынёй прыкладна 25 кіламетраў.
Самыя вынослівыя змогуць выпрабаваць сябе ў двухэтапных гонках: «Вялікі Бадзюля» ўключае начны этап на 50 кіламетраў і дзённы – на 25 кіламетраў па той жа трасе, а «Вялікі Блуд» – гэта трэйл з начнога і дзённага этапаў па 7 кіламетраў кожны, але ўжо па розных трасах.
На фінішы кожнага ўдзельніка чакае памятны медаль, духмяная гарачая гарбата, традыцыйны кісель і пачастункі. А ўвечары ў стартавым гарадку абяцаюць запаліць велізарнае купальскае вогнішча.
Паляўнічы фестываль «Налібоцкія стрэлы»
Калі: 25-26 ліпеня
Дзе: Мінская вобласць, Валожынскі раён, заказнік «Налібоцкі»
Колькі: бясплатна
Фестываль упершыню ладзіцца на базе заказніка. Сюды запрашаюцца аматары палявання і іх сем’і.
У праграме заяўлены чэмпіянат вабільшчыкаў – майстроў, якія ўмеюць голасам імітаваць роў дзікіх жывёл. Таксама плануюцца выставы і рынгі паляўнічых сабак розных парод, а яшчэ выпуск у дзікую прыроду маладых глухароў і качак.
Жнівень
Каб ухапіць канец лета за хвост, прапануем разглядзець яшчэ два вялікія фестывалі.
Шлях Цмока

Калі: 22-23 жніўня
Дзе: Віцебская вобласць, вёска Домжарыцы, Бярэзінскі біясферны запаведнік
Колькі: да 14 ліпеня квіток на два дні каштуе 100 рублёў, дзецям да 12 гадоў уваход бясплатны
Шлях Цмока – гэта фестываль славянскай міфалогіі, які вядомы сваімі містычнымі імерсіўнымі міфалагічнымі экасцежкамі. Сёлета гасцей абяцаюць правесці праз Сусветнае Дрэва – цэнтральны вобраз беларускай міфалогіі, які аб’ядноўвае тры ўзроўні свету: ніжні з духамі і нячысцікамі, зямны свет, дзе жывуць людзі, і нябесны свет багоў.
Арганізатары абяцаюць таксама два дні жывой музыкі на вялікай сцэне з артыстамі з Беларусі і Расіі. Яшчэ ў праграме кірмаш, майстар-класы, фудкорты, конкурс касцюмаў, квэст.
Размясціцца на ноч можна ў кемпінгу за дадатковую плату ў 20 рублёў. Арэндаваць намёт і ўсё неабходнае можна будзе проста на самім фестывалі за 60 рублёў.
Фестываль LIDBEER

Калі: 29 жніўня
Дзе: Ліда
Колькі: стандартны квіток на Галоўную сцэну – 65 рублёў, VIP-квіток – 205 рублёў, дзецям да 12 гадоў уваход бясплатны
Сёлета кампанія «Лідскае піва» святкуе 150-годдзе, таму фестываль абяцаюць зладзіць асабліва маштабным. Гасцей чакае вялізная бясплатная тэрыторыя ад Лідскага замка да вуліцы Кірава з самымі рознымі забавамі. Будуць фудкорты, чыл-зоны, горад майстроў і тэматычныя зоны для адпачынку.
Кульмінацыя свята – канцэрт з артыстамі розных жанраў, праўда, лайн-ап пакуль невядомы.
Спадзяемся, вы зможаце выбраць штосьці на свой густ і выправіцца ў падарожжа, а гэтае лета вам запомніцца на шмат гадоў!