Як вырастуць кошты на кветкі да 14 лютага і 8 сакавіка? Сёлета кветачныя бізнесмены будуць працаваць па новых правілах
З 1 кастрычніка 2024-га ў Беларусі ўступілі ў сілу новыя правілы, якія тычацца рэалізацыі прадукцыі кветкаводства і дэкаратыўных раслін фізічнымі асобамі. Многія людзі раней да такіх свят, як Дзень усіх закаханых ці Міжнародны жаночы дзень, куплялі оптам цюльпаны ў вытворцаў, выплачвалі адзіны пададак і прадавалі кветкі на кірмашах. Цяпер жа такая схема будзе нелегальнай. Тлумачым нюансы і спрабуем спрагназаваць кошты на кветкі ў 2025 годзе.
Без паперкі прадаць не атрымаецца
Спачатку давайце разбяромся, хто па новым нормам можа прадаваць кветкі.
Такое права маюць фізічныя асобы, якія могуць прадаваць кветкі іншым фізічным асобам пры наяўнасці спецыяльнай даведкі ад мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, якая пацвярджае, што яны або іх блізкія сваякі самастойна вырасцілі прадукцыю на ўласным зямельным участку.
Пры гэтым фізічныя асобы могуць самі выбраць спосаб падаткаабкладання: выплачваць адзіны падатак ці падатак на прафесійны даход у залежнасці ад маштабаў дзейнасці і асабістых пераваг.
Калі такой даведкі няма, то бок прадавец не вырошчвае кветкі сам, прыйдзецца зарэгістравацца ў якасці суб’екта гаспадарання – ІП або юрыдычнай асобы. Але праблема ў тым, што перакупам, якія працавалі па старой схеме, афармляць ІП дзеля некалькіх дзён у годзе не вельмі выгадна.
У TikTok кветкавыя магнаты актыўна абмяркоўваюць цяперашнюю сітуацыю. Напрыклад, Ганна з Барысава пайшла іншым шляхам: вырашыла вырошчваць цюльпаны сама. Раней яна купляла кветкі ў аптавіка і фарміравала кошты на кветкі, абапіраючыся на кошт у вытворцы. Цяпер жа, улічваючы тое, што досвед самастойнага гадавання кветак для яе новы, а перакупаў сёлета не будзе, па перадзамове дзяўчына збіраецца прадаваць свае цюльпаны па 4,50 – 5 рублёў. Ганна кажа, што танна купіць букецік не атрымаецца, бо кошты падняліся нават на цыбуліны. Свой фізічны труд яна таксама паважае, але калі вырасце «фігня», кошты знізіць.
Разлічвалі прадаць на опт, але давядзецца рэалізоўваць самім
Наступнае пытанне тычыцца тых, хто раней працаваў з перакупамі і набываў цыбуліны будучых цюльпанаў яшчэ да таго, як у сілу уступіў новы закон. Цяпер прадаваць кветкі праз фізасоб яны не могуць, толькі праз індывідуальных прадпрымальнікаў або юрасоб. Яшчэ адзін варыянт – везці ў Расію.
Нашая чытачка Кацярына расказала, што яе сям’я вырошчвае цюльпаны ў падвале свайго дома ўжо пяты год. Зараз яны рыхтуюцца да продажу кветак на 8 сакавіка, ужо ўзялі даведку. Каб атрымаць яе, трэба было звярнуцца ў «Адно акно» і напісаць заяўку на выдачу даведкі. Праз пару дзён да гамяльчан прыехалі прадстаўнікі адміністрацыі, паглядзелі на кветкі і яшчэ праз пару дзён патрэбны дакумент быў гатовы.
Што змянілася для Кацярыны, дык гэта тое, што праз змены ў заканадаўстве ёй прыдзецца самастойна рэалізоўваць цюльпаны, хаця раней яна хацела крыху кветак прадаць на опт. Але ў цэлым, як яна лічыць, будзе менш канкурэнцыі. Прадаваць кветкі яна плануе сямейным падрадам, сёлета атрымалася вырасціць больш за 5 тысяч штук.
Дык што там з коштамі?
Што да коштаў, то да 15 лютага пры браніраванні і перадаплаце, Кацярына прадае адзін цюльпан па 3,50 рубля за штуку. Потым кошты будуць падымацца.
Яшчэ адна вядомая нам кветкавая крама ў Гомелі ўсталявала кошт 3,70 рубля за штуку па перадзамове да 1 лютага.
У «Інстаграме» знайшлася старонка, дзе кошты на перадзамову да 1 сакавіка складаюць 4,50 рубля. Пры гэтым прадавец папярэджвае, што да 8 сакавіка кошты ўзляцяць у два разы. Рознічны кошт у Рэчыцы таксама чакаецца ад 4,50 да 5 рублёў, а па перадзамове – 4 рублі. Добрая нагода загадзя паклапаціцца пра букецік для тых, каго вы збіраецеся павіншаваць.
Мы таксама параўналі гэтыя лічбы з мінулымі гадамі. Калі не ўлічваць прадукцыю лясгаса, цэны на адзін цюльпан у розніцу ў 2023 годзе стартавалі ў Гомелі ад 2,5 рубля, але большасць рэалізатараў прадавала па 3 рублі. У 2024 годзе кошты на адзін цюльпан пачыналіся ўжо з 4 рублёў. Паглядзім, як зменіцца сітуацыя ў 2025-м.