Skip to main content
31.10.2024

Гомельскія ўлады зноў загаварылі пра стварэнне ў горадзе пешаходнай вуліцы. «Моцныя Навіны» ўзгадалі, калі і дзе раней планавалі зрабіць пешаходку і чаму так дасюль і не атрымалася

Для пачатку, шок-факт для чытачоў: пешаходная вуліца ў Гомелі была запланаваная амаль 50 гадоў таму, але канкрэтнае месца для яе так дасюль і не знайшлося. Безумоўна, зона без транспарту з камфортнай турыстычнай і гандлёвай інфраструктурай зрабіла б Гомель прывабней і для турыстаў, і для жыхароў. Але пакуль выглядае на тое, што яе стварэнне ў горадзе мае больш мінусаў, чым плюсаў. Паспрабавалі разабрацца, што паспрыяла з’яўленню пешаходак у іншых кутках свету, і ці ёсць у Гомеля шанцы ў бліжэйшай будучыні таксама займець такую цікавостку.

Як і чаму з’явіліся самыя першыя пешаходкі свету?

Сама ідэя аддзялення пешаходаў ад транспартнага руху і стварэнне пешаходных вуліц і зон, дзе забаронены рух любога транспарта, паходзіць ужо з эпохі Адраджэння. Што цікава, самай ранняй сучаснай рэалізацыяй гэтай ідэі ў гарадах лічыцца першая крытая гандлёвая аркада ў Парыжы. Яна  датуецца прыкладна 1800 годам. Асобныя гандлёвыя рады былі пабудаваны па ўсёй Еўропе ў XIX стагоддзі – гэта ўсё папярэднікі сучасных гандлёвых цэнтраў. То бок ад пачатку гісторыя пешаходных вуліц была ў першую чаргу звязаная з гандлем.

Першым прыкладам перабудовы існуючай вуліцы ў пешаходную лічаць Limbecker Straße ў нямецкім горадзе Эсэне ў 1927 годзе. Гэта вельмі вузкая гандлёвая вуліца, якая не магла сумясціць у сабе аўтамабільны і пешаходны рухі. Пасля вайны, у 1950-я, пешаходныя зоны пачалі з’яўляцца і ў іншых гарадах Заходняй Еўропы.

Вуліца Limbecker Straße ў Эсэне

Да слова, у шэрагу гарадоў ніколі не дазвалялі рух аўтамабіляў. Самы яскравы прыклад – Венецыя. Горад быў спраектаваны і заснаваны больш за 1500 гадоў таму, задоўга да вынаходкі аўтамабіля. Кіроўцы, каб трапіць у горад, павінны пакінуць машыну на паркоўцы за горадам і перамяшчацца па горадзе пешшу або карыстацца воднымі аўтобусамі, якія курсуюць па каналах горада.

З пачатку 1960-х гадоў многія еўрапейскія гарады зрабілі частку сваіх цэнтраў свабоднымі ад аўтамабіляў. У гэты час з’явілася першая пешаходная вуліца і ў Беларусі – гэта вуліца Савецкая ў Гродна. У 1960-х на ёй увялі аднабаковы рух, а 25 красавіка 1964 года гарвыканкам прыняў рашэнне пераўтварыць вуліцу ў пешаходую ў мэтах захавання гістарычнай забудовы. Тады ж былі знесены ўсе агарожы вакол будынкаў. Рух усіх катэгорый транспарту па вуліцы забаранілі ў 1972 годзе, што зрабіла Савецкую самай старой пешаходкай у краіне.

Пешаходныя гарадскія зоны працягваюць з’яўляцца ў гарадах і ў сучаснасці

Пешаходныя вуліцы з’яўляюцца не толькі дзеля павелічэння тавараабароту і стварэння турыстычнай прывабнасці. У такіх зонах фіксуецца значнае падзенне мясцовага паветранага і шумавога забруджвання, а яшчэ становіцца менш аварый.

Падчас пандэміі COVID-19 у 2020 годзе некаторыя гарады зрабілі пешаходнымі дадатковыя вуліцы, каб стымуляваць сацыяльнае дыстанцыяванне і забяспечыць рэстараны дадатковай прасторай. Напрыклад, Нью-Йорк зачыніў да 160 кіламетраў вуліц для аўтамабіляў па ўсім горадзе.

У Беларусі сярод абласных цэнтраў пешаходныя вуліцы ёсць у Гродна, пра які мы ўжо згадвалі. У 2004 годзе ў Магілёве частка Ленінскай вуліцы працягласцю ў 1,5 кіламетра стала пешаходнай. У 2009-м пасля рэканструкцыі адкрылася самая доўгая пешаходная вуліца краіны ў Брэсце. Яна таксама вядомая і такім прыгожым рытуалам, як запальванне ліхтароў. У Віцебску рух транспарта забаранілі на вуліцы Суворава з 2010 года. Яе працягласць – 1300 метраў.

У Мінску паўнавартасных пешаходных вуліц няма. Была няўдалая спроба зрабіць бестранспартнай вуліцу Карла Маркса ў 2012 годзе па выходных. Цяпер існуюць невялічкія пешаходныя зоны ў раёне Верхняга горада, на вуліцы Камсамольскай і вуліцы Савецкай.

Сярод райцэнтраў самым першым горадам, які займеў пешаходку, стала Маладзечна. Тут у 1988 годзе прамежак вуліцы Прытыцкага ад Цэнтральнай плошчы да вуліцы Валынца стаў пешаходным, а з 2011-га – ўся вуліца ў 700 метраў даўжынёй. У 90-я гады зрабілі пешаходнай вуліцу Сацыялістычную ў Бабруйску, дзе гістарычна гараджане ладзілі праменад.

Дзякуючы «Дажынкам», у 2009 годзе з’явіліся пешаходкі ў Кобрыне на вуліцы Суворава, а ў 2014-м годзе ў Пінску. У Пінску іх нават дзве – вуліца Леніна ў 800 метраў і 600 метраў вуліцы Першамайскай.

Вуліца Леніна ў Пінску

А ў 2024 годзе сталі пешаходнымі 300 метраў брукаванкі на вуліцы Савецкай у Баранавічах. Акрамя гэтага там яшчэ ёсць два пешаходныя бульвары – Штокерау і Хейнала.

Ці будзе Гомель наступным горадам, дзе з’явіцца пешаходка?

Размовы аб стварэнні ў Гомелі такой вуліцы ідуць ужо даўно. Радкі пра яе можна знайсці яшчэ ў Генеральным плане развіцця Гомеля 1977 года: «комплексная рэканструкцыя цэнтра напраўлена на вырашэнне транспартнай праблемы – вывад грузавога транспарта за межы цэнтра, стварэнне ў ім пешаходных зон, свабодных ад транспарта, арганізацыю стаянак для аўтатранспарта».

Сустракаецца ўзгадванне падобных зон і ў Генплане 2003 года: «развіццё пешаходных і бестранспартных зон у жылых мікрараёнах, а таксама ў цэнтральнай частцы горада ў гістарычным цэнтры, дзе забудова прадстаўлена дробнымі кварталамі».

А што цяпер? Развіццё Гомеля да 2020 года вызначалася Генеральным планам, складзеным у 2003 годзе. Але праз высокія тэмпы будаўніцтва жылля і змянення прыярытэтнага напрамку росту горада спатрэбілася распрацоўка новага горадабудаўнічага дакумента.

У 2008 годзе Гомельскі гарвыканкам заключыў дамову з Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва на распрацоўку новага Генплана. Яго завяршылі ў канцы 2010-га, пасля чаго адбылося грамадскае абмеркаванне. Але новы план так і не зацвердзілі. Апошні раз адноўлены Генплан выносілі на грамадскае абмеркаванне ўвосень 2023 года. Тады пешаходку ў Цэнтральным раёне таксама закранулі, але акрэслілі як прыгожую даўнюю задумку, якая патрабуе дбайнай транспартнай прапрацоўкі.

Чаму ідэя так і не рэалізавалася?

Справа ў тым, што да гэтага часу не быў прапанаваны варыянт, які аднолькава задаволіў бы ўсіх – і гарадскія ўлады, і жыхароў, і ДАІ. Варыянт для пешаходкі, які сустракаецца часцей за іншыя – праспект Перамогі, але з ім не ўсё так проста.

У 2009 годзе спецыялісты Інстытута Гомельгражданпраект каментавалі ідэю прыбраць рух транспарта на праспекце (да 2013 года ён называўся вуліцай Перамогі) так:

«У нас склалася дробнаквартальная забудова цэнтра горада. Перакрыўшы рух на адной вуліцы, мы адразу створым праблему на іншых. Бо пешаходная вуліца патрабуе вырашэння пытанняў транспартнага абслугоўвання, магчымасці прыпаркавацца непадалёк ад аб’ектаў прыцягнення. Класічна гэта вырашаецца на вуліцах, размешчаных уздоўж ці папярок алеі, ці ж шляхам стварэння падземнай прасторы. У нашым горадзе ад Прывакзальнага пляца да вуліцы Савецкай, акрамя вуліцы Кірава, нічога такога няма. Калі вуліцу Перамогі зрабіць пешаходнай, то мы накіруем транспартныя плыні на Камсамольскую, Рагачоўскую і праспект Леніна».

Перад тым, як пачынаць рэканструкцыю праспекта Перамогі, у праектным інстытуце разглядалі яшчэ такі варыянт: праезную частку можна змясціць на месца бульвара з аднаго з бакоў, а другую шырокую частку вуліцы зрабіць пешаходнай. Як бачым, гэтая ідэя таксама не знайшла ў свой час падтрымкі.

У 2010 годзе прапрацоўвалася прапанова закрыць вуліцу Перамогі на выходныя дні: з вечара пятніцы да раніцы панядзелка. Але ўлады выказвалі засцярогу, што на шум стануць скардзіцца жыхары. Да слова, так здарылася потым з вуліцай Карла Маркса ў Мінску. Пасля таго, як яна стала пешаходнай, мясцовыя пачалі дасылаць гнеўныя скаргі на гучную музыку да позняй ночы. У выніку пешаходку там «адмянілі».

У нашыя часы праспект Перамогі перакрывалі ўчасткамі на святочныя дні і ў час правядзення прадуктовых кірмашоў. І гэта падабаецца далёка не ўсім гамяльчанам.

У тым жа 2010 годзе прагучала зусім іншая і незвычайная прапанова для стварэння пешаходкі, якая, як сцвярджалася, ужо ўнесеная ў Генплан. Яе запраектавалі ў 18-м мікрараёне, які з 17-м, што насупраць, будзе злучаць падземны пераход пад вуліцай Мазурава. Пачынацца пешаходная вуліца павінна была насупраць будынку паліклінікі, перасячы мікрараён наскрозь да самага Ўсходняга абыходу і адтуль па пешаходным мосце перайсці праз пратоку Валатова ў зону адпачынку на набярэжнай. Як бачым сёння, нічога падобнага ў Гомелі няма.

У якіх яшчэ месцах горада можа з’явіцца пешаходка?

«Моцныя Навіны» замарочыліся з пошукамі і знайшлі ўсе магчымыя прапановы і ідэі, што разглядаліся як спецыялістамі, так і ўладамі ў розныя часы. Падзелімся з вамі самымі цікавымі на наш погляд.

У 2005 годзе інстытут БелНДІ горадабудаўніцтва распрацаваў для Гомеля праект дэталёвага плана рэканструкцыі цэнтральнай часткі горада з рэгенерацыяй гістарычнай забудовы ў квартале вуліц Пралетарскай, Гагарына, Камісарава і Ільінскага спуску. Гэта гістарычны раён пад назвай Спасава слабада, дзе ў асноўным жылі стараверы, які мае ўсе шанцы стаць дастаткова прывабным для турыстаў. Тут захаваліся стараверскія цэрквы: Праабражэнская, якая добра схавалася за адным з будынкаў і аб яе існаванні многія гамяльчане нават і не падазраюць, і Ільінская, якая размешчана над ярам і з’яўляецца самай старой царквой Гомеля. Тут прапанавалі размясціць Горад майстроў з унікальнай драўлянай забудовай, пешаходнай зонай, музеямі і кафэ. Побач ўдала месцяцца атракцыёны і парк. Атрымалася б такая своеасаблівая буферная зона паміж палацава-паркавым ансамблем і шумным тэхнічным горадам. Пешаходнай вуліцай магла б стаць вуліца Пралетарская, якая пачынаецца ад плошчы Леніна.

Па некаторай інфармацыі, у Генплане Гомеля (праўда, не ўдакладняецца, якога года) быў такі варыянт для пешаходкі: ад сквера каля цырка па Камсамольскай, дзе можна было б перакрыць рух, з выхадам да ўніверсітэта транспарту і адтуль – да плошчы Перамогі. Але праект так і застаўся на паперы.

У 2015 годзе загаварылі пра праект у межах Генеральнага плана развіцця Гомеля да 2030 года, над якім працавалі спецыялісты Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва з Мінска. Архітэктары прапанавалі рэалізаваць у Цэнтральным раёне «Гомель-сіці». У яго складзе была запланаваная пешаходная вуліца з рэстаранамі, культурнымі, гандлёвымі і забаўляльнымі цэнтрамі і офісы па абодвух баках. Яна павінна была працягнуцца ад раёна цырка да набярэжнай Сожа. Але, якая канкрэтна вуліца павінна ўзяць на сябе гэтую ролю – у плане не значыцца.

Разглядаўся таксама варыянт ператварэння ў пешаходныя вуліц Ірынінскай і Пушкіна. Гэта мог быць альтэрнатыўны шлях ад вакзала да парка. Тут ёсць будынкі, спраектаваныя архітэктарам Станіславам Шабунеўскім, помнік Ірыне Паскевіч, культурныя ўстановы ў выглядзе ГЦК, музея воінскай славы і «Паляўнічага доміка». Бракуе толькі кафэ і крамаў, так што ў праект прыйдзецца ўкласціся. Але затое па плане нібыта лягчэй вырашыць транспартнае пытанне, якое ў любым выпадку ўзнікне пра рэарганізацыі вуліцы.

Перамогі ці не Перамогі?

Сённяшні старшыня Гомельскага гарвыканкома Уладзімір Прывалаў распачаў чарговае абмеркаванне стварэння пешаходнай вуліцы ў Гомелі яшчэ ў 2023 годзе, у першыя месяцы працы на сваёй новай пасадзе. Тады ён папрасіў усіх зацікаўленых гаражан падзяліцца сваімі прапановамі. Пасля ў дадатак таксама прапанаваў «накідаць» гарадскіх легенд, каб дапоўніць будучую пешаходку цікавай анімацыяй, накшталт брэсцкага ліхтаршчыка. Сярод прапаноў былі такія цікавыя ідэі, як запусціць туды шпацыраваць «князя Паскевіча» з барзымі або Гараднічага, які будзе хадзіць па вуліцы з бразготкай, каб раніцай абуджаць жыхароў, а ўвечары аб’яўляць адбой.

Нядаўна Прывалаў на сустрэчы з супрацоўнікамі «Беларуснафты» зноў вярнуўся да гэтай ідэі. Па-ранейшаму самым папулярным варыянтам застаецца пешаходны праспект Перамогі, але каб рэалізаваць яго, трэба будзе перанапраўляць семнаццаць маршрутаў грамадскага транспарту. У чарговы раз прагучала ідэя паэксперыментаваць і перакрываць участак праспекта ад Савецкай да Кірава па выходных.

Акрамя гэтага, плануецца яшчэ адзін эксперымент – цалкам закрыць для руху транспарта плошчу Леніна на перыяд навагодніх святаў і ацаніць, наколькі гэтая тэрыторыя значная для аўтамабільнага руху і ці можна ў перспектыве разглядаць яе часткай вялікай пешаходнай зоны, якая будзе звязанай з пешаходнай вуліцай, што вядзе да набярэжнай.

Паглядзім, да чаго гэта прывядзе ў выніку.


Читайте также:

Новое на сайте: